Пасля затрымання і збіцця ў Мінску габрэй пакінуў пасланне ў Сцяне Плачу
10 жніўня грамадзянін Ізраіля Аляксандр Фруман быў затрыманы ў Мінску і некалькі гадзін прастаяў ля сумна вядомай “Сцяны Плачу” ў Савецкім РУУС. Пасля вяртання ў Ізраіль ён схадзіў да сапраўднай Сцяны Плачу ў Іерусаліме і пакінуў у ёй цыдулку пра беларускія пратэсты. Еўрарадыё распытала ў мужчыны, што ён перажыў і як плануе дзейнічаць далей.
“Не да канца прайшоў абрэзанне”
Аляксандр Фурман нарадзіўся ў Беларусі, але даўно ўжо пераехаў у Ізраіль і стаў грамадзянінам той краіны. 10 жніўня ён разам з жонкай ішоў па праспекце Незалежнасці ў Мінску — і сфатаграфаваў аўтобус, у якім былі сілавікі. Да яго адразу падбеглі невядомыя ў чорным.
— Нас збілі і кінулі ў аўтазак, працягваючы наносіць удары дубінкамі.
На просьбу патэлефанаваць у амбасаду Аляксандру адказалі лаянкай і антысеміцкімі жартамі:
— Яны сказалі, што я не да канца прайшоў абрэзанне і трэба мне яго паўтарыць, пагражалі смерцю.
Стаялі ўздоўж той самай агароджы Савецкага РУУС
Аляксандра адвезлі ў Савецкае РУУС, дзе пратрымалі 16 гадзін. Ён стаяў з паднятымі рукамі ля той самай агароджы, дзе і цяпер трымаюць затрыманых пасля кожнага маршу. Паміж нагамі і агароджай быў нацягнуты калючы дрот:
— Прымушалі знаходзіцца ў розных нязручных позах, пасля некалькіх хвілін знаходжання ў якіх нямее ўсё цела. Калі нехта спрабаваў размяцца, міліцыянеры заўважалі гэта і зноў пачыналі нас збіваць. Сілавікі казалі, што мы цяпер будзем ненавідзець карычневы колер, і рагаталі са свайго бліскучага гумару, — расказвае Еўрарадыё Аляксандр.
Пазней ён даведаўся, што сілавікі паміж сабой называюць гэту агароджу “Сцяной Плачу”.
З Савецкага РУУС Аляксандр трапіў у жодзінскі ізалятар:
— Грузілі, як у цягніках на Асвенцім, — штабялямі. Я ляжаў на іншых людзях, якія страчвалі прытомнасць. Калі хто-небудзь скардзіўся, яго білі дубінкамі.
Праз трое сутак Фрумана адпусцілі. Без пашпарта і пратакола:
— Яны сцвярджалі, што страцілі мой пашпарт і пратакол, і выпусцілі мяне пасля 78 гадзін затрымання.
Калі Аляксандр вярнуўся ў Ізраіль, ён схадзіў да сапраўднай Сцяны Плачу ў Іерусаліме. Дзе пакінуў цыдулку з надпісам: “Госпадзе, зрабі Лукашэнку тое, што яго карнікі зрабілі са мной”.
13 лістапада Аляксандр Фруман падаў заяву з просьбай расследаваць гвалт у дачыненні да сябе ў ізраільскую паліцыю. Ён спадзяецца, што беларускіх сілавікоў будуць пераследаваць за здзейсненыя ўчынкі на падставе нормаў універсальнай юрысдыкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.