Паўла Вінаградава будуць судзіць разам з бацькам
Затрыманых сёння ў Мінску Паўла Вінаградава і яго бацьку даставілі ў суд Савецкага раёна.
Як паведаміла агенцтву БелаПАН жонка актывіста Святлана Вінаградава, на іх склалі пратаколы за несанкцыяваную вулічную акцыю.
Лідара "Zмены" — моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" — затрымалі каля пад'езда яго дома. Ён вяртаўся з акцыі, якую актывісты "Zмены" правялі на пляцы Якуба Коласа. Удзельнікі акцыі расставілі на лаўках свіныя галовы з плакатамі, якія заклікаюць вызваліць палітвязняў, падняць зарплаты лекарам, не ўводзіць выязную пошліну і інш.
Разам з Паўлам быў затрыманы яго бацька. Па словах Святланы Вінаградавай, ён "апынуўся побач зусім выпадкова".
Фота — svaboda.org, belsat.eu