Павел Дураў перастаў быць гендырэктарам сеткі "Вконтакте"
Пра гэта паведаміла прэс-служба сацыяльнай сеткі, якую Дураў заснаваў у 2006 годзе.
У паведамленні, якое цытуе interfax.by, гаворыцца, што 21 сакавіка Дураў папярэдзіў кампанію пра датэрміновае скасаванне працоўнай дамовы і сваё звальненне з пасады гендырэктара. У адпаведнасці з расійскімі законамі, праз месяц заява была задаволеная.
Пакуль акцыянеры не прызначаць новага дырэктара, кіраваць кампаніяй будзе першы намеснік генеральнага дырэктара Барыс Дабрадзееў і выканаўчы дырэктар Дзмітрый Сяргееў. Паведамляецца, што Дураву могуць прапанаваць пасаду галоўнага архітэктара сеткі.
Нагадаем, што некалькі дзён таму Дураў паведаміў пра ціск з боку ФСБ. Расійская спецслужба ў снежні 2013-га патрабавала ад яго выдаць персанальныя звесткі заснавальнікаў груп у падтрымку Еўрамайдана ў сетцы "Вконтакте". Дураў паведаміў, што адмовіўся і таму пазбавіўся сваіх акцыяў у кампаніі.
Фота — Flickr