Педагога-дэфектолага аштрафавалі за БЧБ-плед на гаўбцы і звольнілі з працы

Педагога-дэфектолага аштрафавалі за БЧБ-плед на гаўбцы і звольнілі з працы

Жыхарка Астраўца Ганна Огур страціла працу праз бел-чырвона-белы плед, піша "Рэгіянальная газета".

Жанчына кажа, што 25 сакавіка была на бальнічным і вывесіла на гаўбец сушыцца плед. 

"Ён белы з чырвонай паласой пасярэдзіне і чырвонай каймой па краях. Плед на Новы год падарыла нам маці мужа. Праз дзве гадзіны да нас прыехала міліцыя. Супрацоўнікі зайшлі ў кватэру. Сказалі, што ў нас на балконе незарэгістраваная сімволіка. Муж таксама быў дома, ён працуе па зменах. Спрабаваў спрачацца з міліцыянерамі, даказваў, што плед гэта не сцяг. Але нам сказалі ехаць у РАУС", — распавядае Ганна.

У міліцыі на жанчыну склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне. Міліцыянты забралі плед і ноўтбук, а мужа з жонкай адпусцілі. Аднак неўзабаве па Ганну зноў прыехалі і завезлі ў РАУС, дзе яна заставалася суткі да суда. У Ганны двое непаўналетніх дзяцей, у гэтым выпадку новы Аміністрацыйны кодэкс забараняе затрымліваць жанчын даўжэй, чым на тры гадзіны. Аднак міліцыянты пакінулі жанчыну пад вартай і не паведамілі яе мужу пра затрыманне.

26 сакавіка суд прызнаў Ганну Огур вінаватай у тым, што яна "25 сакавіка ў 8 гадзін на балконе ў дзень падзеі "Дзень Волі" правяла адзіночнае пікетаванне шляхам вывешвання бел-чырвона-белай матэрыі". Жанчыну аштрафавалі на 580 рублёў (20 базавых велічыняў).

"А 8 красавіка мяне звольнілі з працы ў дзіцячым садку па артыкуле за амаральныя паводзіны. Я працавала дэфектолагам. Прасіла працадаўцу пачакаць, хаця б пакуль будзе адказ на апеляцыю, якую мы падалі з адвакатам. Але мяне ўсё ж звольнілі", — распавядае жанчына.

Цяпер адвакат рыхтуе абскарджванне па прычыне звальнення Ганны, а сама яна падала скаргу на незаконныя дзеянні міліцыянтаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі