Педагогі хочуць расказаць пра фальсіфікацыі на выбарах, але баяцца
Кіраўніцтва тварам да твару з падначаленымі / Еўрарадыё
Педагогі ЦДАДзіМ "Кантакт" Цэнтральнага раёна Мінска хочуць расказаць пра фальсіфікацыі, сведкамі (а, магчыма, і непасрэднымі ўдзельнікамі) якіх былі на выбарах. Для гэтага яны запрасілі ў цэнтр дадатковай адукацыі журналістаў. Але так нічога і не расказалі, таму што баяцца санкцый з боку начальства.
Супрацоўнікі Цэнтра абураныя тым, як выбарчая кампанія праходзіла на ўчастку №3 у мінскай школе №32. Але ні адзін педагог, які працаваў ва ўчастковай камісіі, на сход не прыйшоў. Па словах іх калег, на іх цісне дырэктар ЦДАДзіМ Алена Ліпень, якая была старшынёй участковай камісіі.
З аднаго боку, педагогі не хочуць аказацца ў ліку ізгояў. Але пазіцыя ў іх дзіўная. Яны катэгарычна не згодныя з меркаваннем, што ўсе настаўнікі — фальсіфікатары. Але самі пры гэтым хочуць расказаць пра фальсіфікацыі. Але не распавядаюць.
Намеснік дырэктара "Кантакта" Юрый Вальчук сустракае журналістаў каля ўваходу. Ён жа першым прамаўляе:
— Я ведаю меркаванне аднаго з сябраў камісіі аб тым, што адбылася фальсіфікацыя: тэчку з галасамі за Ціханоўскую пераклалі ў тэчку за Лукашэнку. Суадносіны там дзесьці 10:2, то-бок 1000 на 200. Пратакол ніхто не бачыў, дырэктар тады была "эвакуяваная". І цяпер узнікае такая сітуацыя, што члены камісіі пад ударам. Выбаршчыкі, у якіх было скрадзена іх меркаванне, лічаць іх злачынцамі. Дзеці, якія прыйдуць у школу, таксама будуць лічыць сваіх настаўнікаў злачынцамі.
Калега Вальчука Святлана Краўчук, таксама намеснік дырэктара "Кантакта", наадварот, спрабуе не пусціць журналістаў у будынак і забараняе фатаграфаваць.
Яна лічыць, што хваляванні ў калектыве — проста змова супраць дырэктара. На прамое пытанне: чый стос з бюлетэнямі быў большы: Ціханоўской або Лукашэнкі? — Краўчук адказвае: "Стос Ціханоўскай у нейкі момант быў большы".
Дырэктара ЦДАДзіМ "Кантакт" Алены Ліпень, якая магла б адказаць на пытанні прысутных, на працы не было. Намесніца дырэктара патлумачыла яе адсутнасць тым, што яна знаходзіцца ў адпачынку. Але супрацоўніца аддзела кадраў тут жа сказала, што на яе адрас ніякіх заяў на адпачынак не паступала. Праз некаторы час яна ўдакладніла, што загад аб адпачынку дырэктару яна атрымала "заднім чыслом" пасля сходу калектыву з прадстаўнікамі СМІ.
“Навошта яны кідаюць вашых дзяцей на амбразуру?”
Загадчыца аддзела мастацкай творчасці Алена Маслава пераводзіць тэму. Яна распавядае, што 6 жніўня яе, разам з падапечнымі, адправілі выступаць у Кіеўскі сквер. Гарадскія ўлады праводзілі там свята "Калейдаскоп талентаў", Святлана Ціханоўская — сустрэчу з выбаршчыкамі.
Час выступу дзіцячага хору змяняўся некалькі разоў, Кіеўскі сквер ачапіў АМАП.
— Нас, педагогаў, адправілі выступаць на нібыта дзень адчыненых дзвярэй сістэмы дадатковай адукацыі, — распавядае Маслава. — Нас удваіх з культарганізатарам адправілі туды выступаць з дзецьмі і іх бацькамі. І калі мы прыйшлі туды, нас ачапілі, прыйшла куча людзей, людзі ў форме. Мы наогул гэтага не чакалі, мы не хацелі там быць. Да нашых бацькоў падыходзілі і казалі “Што робяць вашы настаўнікі? Навошта яны кідаюць вашых дзяцей на амбразуру? Вы ж разумееце, што тут цяпер будзе мітынг Ціханоўскай".
Бацькі сталі панікаваць. Яны спрабавалі пралезці пад загараджальную лінію. У маці, якая прыйшла на наступны дзень, уся рука была ў сіняках — так яе схапілі.
Упісалі ў склад камісіі, але педагог пра гэта не ведала
Алена просіць у прысутнага на сходзе начальніка ўпраўлення па адукацыі Цэнтральнага раёна Яўгена Дабранеўскага агучыць спіс членаў участковай выбарчай камісіі. Па словах педагога, яе ўпісалі ў склад камісіі, але сама яна пра гэта не ведала і на ўчастку ні разу не была.
Дабранеўскі не гатовы адказаць на пытанне:
— Я перадам гэтую просьбу ў адміністрацыю раёна, спісы там. У мяне няма спісаў [членаў камісіі. — Еўрарадыё]. Як толькі даеду да сваёй працы, я буду ўпаўнаважаны выдаць загад аб пачатку службовага расследавання па факце адсутнасці [дырэктара на працоўным месцы. — Еўрарадыё].
Сайт ініцыятывы "Зубр", на якім пералічаныя ўсе склады ўчастковых камісій, ужо больш за тыдзень заблакаваны ў Беларусі.
Чыноўнік абяцае, што пратэстоўцы-педагогі ні ў якім разе не падвергнуцца ганенням з боку ўпраўлення адукацыі.
— Калі я буду вымушаны або абставіны складуцца па-іншаму, тут жа мною будзе напісана заява і я ў гэтым удзельнічаць не буду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.