Перад запускам першага энергаблока Беларускай АЭС пройдуць грамадскія слуханні

Перад запускам першага энергаблока Беларускай АЭС пройдуць грамадскія слуханні

Перад выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока АЭС у Астраўцы ў Беларусі пройдуць публічныя слуханні. Пра гэта са спасылкай на намесніцу начальніка Дзяржатамнагляду Зою Трафімчык піша TUT.by.

Умовы правядзення слуханняў яшчэ распрацоўваюцца. Канчаткова іх выхначыць плануецца да канца 2017 года. Беларусь вывучае у тым ліку досвед іншых краінаў, якія ўжо праводзілі падобныя слуханні: напрыклад, Расіі і Венгрыі. Плануецца разгледзець і канадскі досвед.

Мяркуецца, што БелАЭС падасць у Дзяржатамнагляд дакументы на ліцэнзаванне першага энергаблока ў канцы ліпеня гэтага года. Па заканадаўстве, на экспертызу дакументаў адводзіцца год, пасля чаго рэгулятар зможа прыняць рашэнне наконт выдачы ліцэнзіі. 

Пра дату публічных слуханняў, якія пройдуць перад выдачай ліцэнзіі, Дзяржатамнагляд збіраецца загадзя праінфармаваць усіх на ўласным сайце і праз СМІ. Месца правядзення пакуль таксама не вызначана — гэта можа быць Мінск, Гродна ці Астравец. На слуханнях змогуць прысутнічаць прадстаўнікі краін-суседзяў Беларусі і іншых дзяржаваў.

Беларуская АЭС будуецца па расійскім праекце АЭС-2006 у 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць) і ў 45 км ад Вільнюса. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР магутнасцю 1200 МВт кожны. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю у 2019 годзе, другі — у 2020-м

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі