Перастаў адкрывацца сайт БелаПАН
Сайт агенцтва недаступны ні з Беларусі, ні з-за мяжы
Перастаў адкрывацца сайт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Ён недаступны ні з Беларусі, ні з-за мяжы.
З раніцы да шэрагу супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі прыйшлі з ператрусам сілавікі. Ператрус праводзіўся ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), паведаміў намеснік галоўнага рэдактара БелаПАН Аляксандр Зайцаў. Яго словы прыводзіць інтэрнэт-выданне Naviny.by.
Ператрус у Зайцава доўжыўся каля гадзіны. Прысутнічалі сем чалавек: "Два супрацоўнікі АБЭЗ, іх куратар (магчыма, з іншага ведамства), два спецназаўцы ў поўнай экіпіроўцы і двое панятых". Канфіскавалі тэхніку (мабільны тэлефон, цвёрды дыск кампутара і стары планшэт), а таксама рэдакцыйнае пасведчанне і некалькі візітовак. Зайцаў не затрыманы. З яго толькі ўзялі абавязанне з'явіцца па патрабаванні. Ён таксама адзначыў, што справу вядзе Следчы камітэт.
Ператрус з раніцы быў і ў галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай. Пасля таго як ён скончыўся, Леўшыну павезлі ў рэдакцыю. Там таксама плануецца ператрус. Затым, як паведамляецца, яе павязуць на допыт ва УСК па Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.