Пінскім пратэстоўцам пракуроры просяць ад 5,5 да 6,5 года калоніі

Пінскім пратэстоўцам пракуроры просяць ад 5,5 да 6,5 года калоніі

14 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пракуроры Дайнэка і Ляшок назвалі, якія пакаранні патрабуе 14 фігурантам "пінскай справы". Для ўсіх палітвязняў агучаныя вялікія тэрміны, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна":

36-гадовы маналітчык Раман Багнавец — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

20-гадовы фанат ФК "Хваля" Данііл Богнат — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

31-гадовы Рыгор Гунько — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

28-гадовы работнік "Пінскдрэва" Сяргей Ляжэнка — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

43-гадовы дальнабойшчык Станіслаў Міхайлаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

44-гадовая санітарка Алена Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;

42-гадовы Сяргей Маўшук — 6,5 года калоніі строгага рэжыму;

20–гадовы Дэвід Масціцкі — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

35-гадовы таксовец Вячаслаў Рагашчук — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

19-гадовы фанат ФК "Хваля" Алег Рубец — 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

37–гадовы актывіст руху "За Свабоду" Ігар Салавей — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

35-гадовы Аляксандр Цярэшка — 6,5 года калоніі строгага рэжыму;

32-гадовы Артур Халімончык — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

20-гадовы Вячаслаў Шэлямет — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Усе, акрамя Данііла Богната, Ігара Салаўя, Станіслава Міхайлава прызналі віну часткова. Богна, Салавей і Міхайлаў цалкам не прызналі віну. Усіх палітвязняў трымаюць у брэсцкім СІЗА №7. Толькі Сяргей Маўшук знаходзіцца пад хатнім арыштам, а яго жонка больш за восем месяцаў — пад вартай.

Пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў. агулам яны патрабуюць ад падсудных каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі. Свае маральныя пакуты міліцыянты абгрунтавалі тым, што яны "адчувалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу". Дарэчы, супрацоўнікі Пінскага дэпартаменту аховы і Іванаўскага РАУС адмовіліся ад матэрыяльнай кампенсацыі.

Пінчукоў судзяць за акцыю 9 жніўня 2020 года каля гарвыканкама — адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Падчас яе адбылася бойка паміж міліцыянтамі і жыхарамі горада. Суд цягнецца з 23 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі