Польскі Сенат патрабуе вызваліць Казуліна

“Сенат Польшчы патрабуе вызвалення беларускага апазыцыянера і кандыдыта ў прэзідэнты на выбарах 2006 году Аляксандра Казуліна”.

Гэта цытата з рэзалюцыі, прынятай у сераду 21 лютага ў польскім Сенаце. Нагадаю, што Аляксандр Казулін пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе быў асуджаны на 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі па артыкуле “хуліганства”.
Якім чынам прыняццё рэзалюцыі польскага сенату можа паўплываць на беларускую ўладу, кажа Стэфан Несялоўскі, кіраўнік камісіі замежных справаў ды ініцыятар рэзалюцыі:


(Стэфан Несялоўскі) “Само прыняццё рэзалюцыі зяўляецца сігналам маральным, што вельмі істотна. Таксама гэта сігнал палітычны: для спадара Лукашэнкі зараз вельмі істотныя добрыя стасункі з Еўрасаюзам ды Польшчай, і каб гэта асягнуць, найлягчэйшым і найбольш пераканаўчым жэстам беларускай улады было б вызваленне Казуліна і ўсіх палітычных вязняў.


Менавіта таму мы мяркуем, што гэтая рэзалюцыя можа мець рэальныя наступствы”.


Стэфан Несялоўскі зазначыў, што рэзалюцыя гэта толькі пачатак барацьбы за беларускіх палітычных вязняў. Галоўная мэта сенатараў узняць гэтае пытанне на Савеце Еўропы. На паседжанні Сенату прысутнічала таксама Ірына Казуліна, жонка палітвязня.


Пад будынкам варшаўскага Сенату сабралася група беларускіх палітычных уцекачоў з бела-чырвона-белымі сцягамі ды плакатамі з інфармацыяй пра Казуліна, які ужо 333 дні знаходзіцца за кратамі:


“У знак удзячнасці мы наладзілі пікет. Каб падзякаваць польскім сенатарам за тыя турботы, якія яны праяўляюць, каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі”.


У падтрымку Аляксандра Казуліна была створана старонка www.swabodukazulinu.pl , дзе можна атрымыць падрабязную інфармацыю ды даслаць ліст Лукашэнку з патрабаваннем вызваліць Казуліна. Такіх лістоў выслана ўжо больш за 300. Стваральнікі старонкі варшаўская ініцыятыва “Вольная Беларусь” .


На фота — сенатар Несялоўскі (krolikibedanagie.com )

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі