"Попыт падвысіўся ў 4 разы". Чаму з крамаў знікаюць хлеб і мука

Еўрарадыё
Еўрарадыё

Слухачы Еўрарадыё скардзяцца, што ў крамах моцна скараціўся выбар хлеба. А мука, асабліва "Лідская", і зусім месцамі знікла з паліц.

— Асартымент хлеба стаў наогул ніякі. Раней прыходзіш — вочы разбягаюцца. Цяпер няма з чаго выбраць. Пару найменняў чорнага, пару шэрага, два батоны. На гэтым усё, — расказвае мінчанка Анастасія. — А калі зайсці вечарам, то наогул ніякага хлеба можна не купіць. У "Суседзях" каля дома ўвечары няма ні чорнага, ні белага. Тая самая карціна ў "Алмі", "Еўраопце".

Таксама мінчукі нам расказалі, што менш відаў хлеба стала ў "Белмаркеце". Пра муку людзі кажуць, што яе няма ў многіх крамах. Некаторыя ўдакладняюць, што няма "Лідскай", а мінская і барысаўская ёсць.

— Замест мукі ў гродзенскім "Алмі" на паліцу выставілі цукар. І праблемы з мукой ёсць не толькі там, але і ў крамах іншых сетак. Напрыклад, у "Дыянісах", — паведаміў яшчэ адзін слухач.

Журналістка Еўрарадыё пад выглядам звычайнага пакупніка даведалася ў гандлёвых сетках, што ж адбываецца з хлебам і куды дзелася мука.

У "Белмаркеце" нам сказалі, што ў іх "змен у асартыменце няма".

— Мы заўсёды радыя прапанаваць шырокі выбар прадуктаў, — падкрэсліла прадстаўніца гандлёвай сеткі.

— Пастаўкі хлеба і батона выконваюцца ў поўным аб'ёме хлебазаводамі згодна з заяўкай крамы, — расказалі нам у "Суседзях".

А вось пра "Лідскую" муку там сказалі, што пастаўшчык не выконвае заявак па пастаўках і, "на жаль, тлумачэнняў ад яго наконт гэтага няма".

Прыкладна такі адказ па муцэ мы атрымалі і ў "Алмі".

— Пастаўшчык не можа нам паставіць тавар у неабходным аб'ёме, — пракаментавалі ў сетцы. — Па хлебе не было пытанняў.

Мы звярнуліся ў ААТ "Лідахлебапрадукт", якое і вырабляе муку, па тлумачэнні.

— Мука ў крамы пастаўляецца ў рамках сярэднямесячных аб'ёмаў продажаў на пастаяннай аснове. Аднак у сувязі з падвышаным попытам на наш прадукт назіраўся апошнім часам пэўны дэфіцыт, — растлумачыў нам вытворца. — Попыт падвысіўся ў чатыры разы. Уся сыравіна, з якой выраблялася мука, была размеркаваная ў пачатку года на год наперад. Яе дастаткова для вытворчасці сярэднямесячных аб'ёмаў. Але мы вядзём пастаянную працу, каб прадукцыя гандлёвай маркі "Лідская мука" была ў наяўнасці ў гандлёвых аб'ектах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі