Прадстаўнікі "камісіі па вяртанні" пайшлі па дамах беларусаў, якія з'ехалі

У камісіі па вяртанні тых, хто з'ехаў, чакаюць зваротаў ад беларусаў, якія хочуць вярнуцца / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У камісіі па вяртанні тых, хто з'ехаў, чакаюць зваротаў ад беларусаў, якія хочуць вярнуцца / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Да сваякоў актывістаў, якія з'ехалі за мяжу, пачалі прыходзіць людзі, якія прадстаўляюцца чальцамі Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой. Пра такі візіт да яго сваякоў рэсурсу "Позірк" расказаў гомельскі актывіст Барыс Анікееў.

"Да сваякоў прыйшлі дзве жанчыны, паказалі бэйджы, дзе было напісана, што яны чальцы камісіі па вяртанні ўцекачоў пры аблвыканкаме", — паведаміў Анікееў. Жанчыны, паводле яго слоў, пыталіся, колькі ён знаходзіцца за мяжой, паводзіліся культурна. А потым сказалі: "На вашага брата абвешчаная амністыя. Ён можа спакойна вяртацца, яму нічога не пагражае. Трэба, каб ён вярнуўся, каб даў прыклад".

Сваякі паспрабавалі высветліць, пра якую "амністыю" ідзе гаворка, бо Анікееў не быў асуджаны па палітычных справах. Але жанчыны гэтага растлумачыць не змаглі.

Нагадаем, напярэдадні Генпракуратура ўжо дала справаздачу пра першы зварот у камісію. Прадстаўніца ўстановы Анжаліка Курчак расказала, што "першай напісала 35-гадовая мінчанка, якая з'ехала за мяжу ў кастрычніку 2020 года". Пазней высветлілася, што аўтаркай звароту была супрацоўніца тэлеканала "Белсат", якая не планавала раскайвацца: яна папрасіла наведаць Беларусь адзін раз, а не вяртацца назаўжды.

Указ аб стварэнні камісіі па вяртанні беларусаў, якія выехалі, Лукашэнка падпісаў на гэтым тыдні, 6 лютага. У камісію ўвайшлі сілавікі і прапагандысты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі