Праект указа “аб заробках у канвертах” могуць унесці ў парламент увосень
Дакумент пакуль дапрацоўваецца ва ўрадзе.
Праект указа “Аб захадах па перадухіленні выплаты ўзнагароджання за працу з ухіленнем ад уплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў” можа быць унесены на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на асенняй сесіі. Пра гэта ў інтэрв’ю БЕЛТА паведаміў старшыня сталай камісіі па эканамічнай палітыцы ніжняй палаты парламента Віктар Валюшыцкі.
Паводле яго інфармацыі, праект указа можа быць унесены ў Палату прадстаўнікоў 2 кастрычніка і дэпутаты будуць удзельнічаць у яго абмеркаванні і магчымай дапрацоўцы.
Што да сутнасці ўказа “аб заробках у канвертах”, то, на думку Валюшыцкага, гэта робіцца дзеля легалізацыі ўсіх грашовых выплатаў, якія атрымліваюць работнікі. Заробкі і іншыя выплаты ў канвертах з’яўляюцца ўтойваннем прыбытку ці сыходам ад падаткаабкладання.
Фота з архіву