Праект указа супраць “заробкаў у канвертах” унясуць ва ўрад
Цяпер карэкціроўкай дакумента займаецца Міністэрства падаткаў і збораў.
Праект указа “Аб мерах па перадухіленні выплаты ўзнагароджання за працу з ухіленнем ад уплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў” будзе ўнесены ва ўрад у найбліжэйшы час. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства падаткаў і збораў.
На сёння ў праект дакумента ўносяць асобныя непрынцыповыя карэкціроўкі і ў першай дэкадзе ліпеня тэкст будучага ўказа трапіць на разгляд у Саўмін.
Раней праект указа быў вынесены на грамадскае абмеркаванне, а яго тэкст размяшчаўся на афіцыйным сайце МПЗ. Паводле спецыялістаў ведамства, падчас абмеркавання паступалі ў асноўным пытанні, якія тычацца парадку падаткаабкладання неадлюстраваных у бухгалтарскім уліку прыбыткаў і абмену інфармацыяй паміж кантралюючымі органамі. Таксама былі пытанні наконт парадку афармлення працоўных адносінаў і падачы звестак у органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пра заключаныя з грамадзянамі працоўныя і грамадзянска-прававыя дамовы.
Паводле праекта дакумента, калі грамадзянін паведаміць, што атрымлівае заробак у канверце і падасць дакументы са сведчаннямі пра такое парушэнне, то яму не давядзецца плаціць падатак з гэтых грошай. Яшчэ адна ўмова падатковай амністыі — пісьмовая згода даць паказанні сведкі.
За парушэнне нормаў указа працадаўцаў будуць штрафаваць на суму ад 1 да 100 базавых велічынь, за паўторнае парушэнне цягам года давядзецца заплаціць штраф у двайным памеры.
Фота: grodnonews.by