Пракурор папрасіў для Паліны Шарэнды-Панасюк два гады калоніі
Паліна Шарэнда-Панасюк / @viasna96
У Брэсце працягваецца судовы працэс па справе Паліны Шарэнды-Панасюк.
У аўторак пракурор папрасіў для брастаўчанкі 2 гады калоніі, паведамляюць праваабаронцы.
Напярэдадні суд апытваў саму Паліну. Яна пры гэтым заявіла, што не лічыць тое, што адбываецца, судом, таму што "палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць". Пры гэтым калі да яе персанальна не звярталіся, Паліна не слухала ўдзельнікаў працэсу, чытала ў гэты час кнігу.
Яе абвінавачваюць па трох артыкулах КК: гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; абраза прэзідэнта і абраза прадстаўніка ўлады. Раней паведамлялася, што брастаўчанцы пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле версіі следства, віна жанчыны палягае ў тым, што яна размясціла ў адным з брэсцкіх тэлеграм-каналаў відэаролік, дзе называла супрацоўнікаў міліцыі карнікамі і фашыстамі. Гэтае відэа яна зняла падчас затрымання яе мужа. Акрамя таго, Шарэнда-Панасюк абразіла чатырох міліцыянтаў, якія праводзілі агляд у яе доме. Аднаму з іх яна плюнула ў твар і ўдарыла па плячы, з іншага сарвала маску і падрапала твар каля носа, расказваў на судзе пракурор. Таксама яна агучвала нецэнзурныя абразы ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, але іх пракурор зачытваць не стаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.