Пракурорка папрасіла аднавіць судовае следства па справе Пратасевіча
Раман Пратасевіч на судзе / sb.by
Пракурорка папрасіла аднавіць судовае следства па справе Рамана Пратасевіча, піша расійскае інфармагенцтва Sputnik.
На мінулым тыдні Пратасевічу дадаткова выставілі абвінавачанне ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, здзейсненым паўторна — бо ён быў адміністратарам тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу", а не толькі NEXTA. Таму падчас судовага слухання, па словах пракуроркі, узнікла неабходнасць выставіць Пратасевічу больш цяжкае абвінавачанне ў параўнанні з ранейшым.
Акрамя таго, дзяржабвінаваўца папрасіла далучыць да справы рашэнне суда пра спагнанне з фігурантаў "справы Ціханоўскага" кампенсацыі ў памеры больш за 2,6 млн рублёў.
Працэс над Пратасевічам праходзіць з сярэдзіны лютага ў Мінскім абласным судзе. Разам з ім завочна судзяць яшчэ двух заснавальнікаў тэлеграм-канала NEXTA — Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка. Іх у Беларусі няма, таму суд над імі — завочны. Пракуратура выставіла абвінавачанні па больш як дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Пратасевіч быў затрыманы ў траўні 2021 года, калі беларускія ўлады прымусова пасадзілі ў Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Пад вартай Пратасевіч пайшоў на супрацу са следствам, таму яго да суда перавялі пад хатні арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.