Прапагандысты заявілі замежнай дыпламатцы, што яна цісне на суд
Прапагандысты Беларусі і дыпламатка Эвеліна Шульц / Еўрарадыё
Каля будынка Мінскага абласнога суда, дзе ў панядзелак, 6 верасня, быў абвешчаны прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, дзяржаўныя прапагандысты на чале з Рыгорам Азаронкам прад'явілі дыпламатцы Эвеліне Шульц (яна цяпер кіруе прадстаўніцтвам Еўрасаюза) прэтэнзію ў тым, што яна "не камунікуе" з людзьмі і журналістамі.
У адказ дыпламатка запрасіла прадстаўнікоў афіцыйных СМІ на размову ў пасольства, дзе яна б адказала на ўсе іх пытанні. Аднак дзяржжурналісты працягнулі, па словах Азаронка, "проста задаваць пытанні ў нармальнай карэктнай форме".
Між тым пытанні да дыпламаткі былі наступнымі: "Чаму вы прыйшлі сюды, калі вы не размаўляеце?", "Вы супраць свабоды прэсы, свабоды слова, так?", "Вам не здаецца, што вы аказваеце ціск на суд сваёй прысутнасцю?" і гэтак далей.
Дыпламатка працягнула на англійскай мове камунікацыю з прапагандыстамі, аднак тыя скончылі размову ў аднабаковым парадку.
Як паведамляла раней Еўрарадыё, Мінскі абласны суд прызнаў каардынатарку штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыю Калеснікаву і юрыста штаба Бабарыкі Максіма Знака вінаватымі і прысудзіў да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
Калеснікава будзе адбываць пакаранне ў калоніі агульнага, Знак — узмоцненага рэжыму.
Абарона Калеснікавай і Знака мае намер абскадзіць прысуд у Вярхоўным Судзе на працягу 10 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.