Пратэстоўцы ў Кішынёве ставяць намётавы лагер
Акцыя пратэсту ў сталіцы Малдовы сабрала дзясяткі тысяч чалавек. Як перадае BBC, пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта Малдовы і правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў не пазней за сакавік 2016 года.
Арганізатары кажуць, што на плошчу Вялікага Нацыянальнага сходу выйшлі больш за 100 тысяч чалавек. Аднак паліцыянты сцвярджаюць, што на мітынг сабраліся не больш за 12 тысяч чалавек.
Арганізатары акцыі — грамадзянская платформа DА (Demnitate si adevar — "Годнасць і справядлівасць") — патрабуюць вярнуць 1 млрд еўра, нібыта скрадзены з трох камерцыйных банкаў пры маўклівай згодзе ўладаў. Лідары DA настойваюць на сыходзе Нікалая Цімофці з пасады прэзідэнта, а таксама дамагаюцца адстаўкі кіраўніцтва Нацбанка, Генеральнай пракуратуры, Антыкарупцыйнай камісіі і іншых ўладных органаў Малдавіі.
Паводле некаторых звестак, паліцыя затрымала некалькіх актывістаў, якія спрабавалі прарвацца ў будынак Генпракуратуры. Падчас сутычак паміж паліцыяй і пратэстоўцамі некалькі чалавек пацярпелі.
Паведамляецца, што ўдзельнікі акцыі ставяць намёты ў цэнтры Кішынёва, каб пачаць бестэрміновы пратэст. Таксама пратэстоўцы спрабавалі паставіць намёты каля Генпракуратуры, але паліцыянты не далі ім гэта зрабіць.
Прэм'ер-міністр Малдовы Валерый Стралец заявіў, што ўлады Малдовы адкрытыя для дыялогу з актывістамі.
Фота: kp.md