Праваабаронца дайшоў да ААН са скаргай на неабгрунтаванае затрыманне
Беларускія ўлады лічаць, што Воўчак не скарыстаў усе законныя спосабы абараніць свае правы ўнутры краіны.
Беларускі праваабаронца Алег Воўчак са сваёй скаргай дайшоў да Камітэта ААН па правах чалавека. Ён абскарджвае сваё затрыманне міліцыянтамі 27 студзеня 2012 года. Тыя заявілі, што праваабаронца "лаяўся нецэнзурнай лаянкай і крычаў каля дома №17 па бульвары Шаўчэнкі ў Мінску". 30 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў Воўчаку чацвёра сутак арышту за дробнае хуліганства.
Не знайшоўшы падтрымкі ў беларускіх судах, праваабаронца дайшоў ла Камітэта ААН. У красавіку 2014 года яго скарга была прынятая да разгляду. "Гэта першая скарга, зарэгістраваная па факце затрымання за дробнае хуліганства. Мы змаглі пераканаць экспертаў, што гэта форма прэвентыўнага ціску, а не норма, як сцвярджае афіцыйны беларускі бок", — адзначыў Воўчак у каментары БелаПАН.
Праваабаронца кажа, што прыкладна месяц таму Рэспубліка Беларусь заявіла Камітэту ААН пра адсутнасць законных падставаў для разгляду яго заявы. У прыватнасці, прадстаўнікі Беларусі заяўляюць, што Воўчак не вычарпаў усе наяўныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, аднак якія — не паведамляе. І ўвогуле, на думку афіцыйнага Мінску, правы і свабоды грамадзяніна парушаныя не былі.
Сам Воўчак кажа, што яшчэ ў 2012 годзе дайшоў з нагляднай скаргай да старшыні Вярхоўнага суда Беларусі і яе пакінулі без задавальнення. Такім чынам ён вычарпаў усе сродкі прававой абароны, якія даюцца беларускімі законамі.
Сваё затрыманне ён лічыць звязаным з праваабарончай дзейнасцю і палітычнай пазіцыяй.
Фота: nv-online.info