Праваабаронцы прызналі Ігара Комліка з прафсаюза РЭП палітвязнем
Намесніка старшыні прафсаюза РЭП Ігара Комліка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі 11 арганізацыяў: Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр", РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", простае таварыства "Ініцыятыва FORB", праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены беларускімі ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва", Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі".
Заява прынятая ў сувязі з крымінальнай справай супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП, якую пачалі 2 жніўня беларускія сілавыя структуры. Старшыню прафсаюза Генадзя Фядыніча і яго намесніка, галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка вінавацяць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.
Праваабаронцы лічаць, што беларускія ўлады вядуць наступ на незалежны прафсаюзны рух у краіне.
"У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, нагадваем уладам Рэспублікі Беларусь, што згодна з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключна права ствараць прафсаюзы і ўступаць у такія для абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў", — гаворыца з гэтай нагоды ў заяве, якую прыводзіць праваабарончы сайт "Вясна".
Правабаронцы заяўляюць, што крымінальная справа на кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча палітычна матываваная, звязаная з іх актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.
Таму яны заклікаюць спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. "У сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаем яго ў якасці палітвязня і патрабуем яго неадкладнага вызвалення. Адначасова патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і заклікаем адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў іх дзейнасць", — заяўляюць праваабаронцы.
Да беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці яны звяртаюцца з заклікам ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі для вызвалення Ігара Комліка.