Прэм’ер Брытаніі: “Брэксіт” можа не адбыцца, калі парламент яго не ўхваліць

Прэм’ер Брытаніі: “Брэксіт” можа не адбыцца, калі парламент яго не ўхваліць

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй папярэджвае парламент краіны, што калі не прыняць узгоднены варыянт “брэксіту”, гэта можа прывесці да страты стабільнасці ў Злучаным Каралеўстве. Таксама кіраўніца ўраду заяўляе, што ўзнікне пагроза датэрміновых выбараў і поўнай адмены ўгоды аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза.

“У выпадку правалу ўгоды мы апынемся ў нязведаных водах, я шчыра веру і насамрэч баюся таго, што гэта адбудзецца”, — сказала Мэй у інтэрв’ю газеце Daily Mail.

Паводле Тэрэзы Мэй, краіна апынецца “ў падвешаным стане” і рызыкуе пакінуць ЕС без угоды або не пакінуць яго ўвогуле.

Галасаванне па праекце пагаднення аб выхадзе Брытаніі з ЕС прызначанае ў парламенце краіны на аўторак, 11 снежня, нагадвае ВВС.

Паводле брытанскіх СМІ, некаторыя паплечнікі Мэй нібыта просяць яе яшчэ раз абмеркаваць з Бруселем умовы ўгоды, бо не гатовыя галасаваць за яе ў такім выглядзе. Таксама сцвярджаецца, што некаторыя міністры гатовыя зладзіць паўторны рэферэндум аб “брэксіце”.

Найбольш спрэчны момант праекта ўгоды — сухапутная мяжа паміж Паўночнай Ірландыяй і Ірландскай Рэспублікай. Цяпер яна існуе намінальна, аднак у выпадку выхаду Злучанага Каралеўства з ЕС, калі бакі не дамовяцца пра іншае, на Паўночную Ірландыю будуць распаўсюджвацца мытныя правілы Еўрасаюза ды іншыя еўрапейскія нормы.

Апазіцыя і многія чальцы кіруючай Кансерватыўнай партыі ўжо заявілі, што не гатовыя падтрымаць такую ўгоду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі