Прэм’ер Каталоніі Карлес Пучдэмон з’ехаў у Бельгію

Прэм’ер Каталоніі Карлес Пучдэмон з’ехаў у Бельгію

Прэм’ер Каталоніі Карлес Пучдэмон, адхілены ад улады іспанскім урадам, з’ехаў у Бельгію. Разам з ім у Бруселі знаходзяцца пяць чальцоў каталонскага ўраду, інфармуе meduza.io.

Раней міністр па справах міграцыі Бельгіі Тэа Франкен заявіў, што Пучдэмон можа атрымаць палітычны прытулак, паколькі на радзіме яму пагражае турэмнае зняволенне і невядома, ці можа ён спадзявацца на справядлівы суд. Аднак прэм’ер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль не падзяляе такога меркавання. Ці ёсць у планах Карлеса Пучдэмона атрыманне палітычнага прытулку ў Бельгіі, пакуль невядома.

Як вядома, 1 кастрычніка ў Каталоніі, нягледзячы на перашкоды з боку іспанскіх сілавікоў, прайшоў рэферэндум. Было аб’яўлена, што больш за 90% яго ўдзельнікаў выказаліся за незалежнасць ад Мадрыда. Улады Іспаніі не прызнаюць вынікаў гэтага рэферэндума. 27 кастрычніка каталонскі парламент прагаласаваў за незалежнасць. У адказ Мадрыд распусціў парламент і урад аўтаноміі, увёў прамое кіраванне Каталоніяй і прызначыў новыя парламенцкія выбары. Пучдэмон заклікаў каталонцаў да негвалтоўнага супраціўлення. Тым часам генпракурор Іспаніі ў панядзелак падаў у суд на 20 каталонскіх кіраўнікоў, якія былі адхіленыя ад улады (у тым ліку і на Карлеса Пучдэмона). Іх абвінавачваюць у мецяжы і растраце дзяржаўных сродкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі