Прэзідэнт КХЛ: Лукашэнка так сказаў пра “Дынама”, бо вельмі засмуціўся
На думку Аляксандра Мядзведзева, выхад каманды з КХЛ нанясе ўдар па беларускім хакеі.
“Мы памятаем, што было з беларускім хакеем раней. Мы хочам бачыць Мінск у КХЛ”, — цытуюць прэзідэнта Лігі расійскія СМІ.
22 лютага кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мінскае “Дынама” можа выйсці з Кантынентальнай хакейнай лігі. На думку беларускага лідара, далёкія паездкі на гульні чэмпіянату КХЛ не дазваляюць беларускім хакеістам як след адпачываць і трэніравацца. Таксама ён наракаў на вялікія выдаткі на пералёты, паведамляе БелаПАН.
“Чаму б КХЛ не падзяліць да Урала і пасля, як зробленая ўсходняя і заходняя канферэнцыі ў НХЛ?” — заявіў Лукашэнка. Ён таксама прапанаваў еўрапейцам стварыць еўрапейскую лігу.
На думку прэзідэнта КХЛ Аляксандра Мядзведзева, Лукашэнка заявіў такое, бо “вельмі засмуціўся”. “Мінскае “Дынама” не трапіла ў плэй-оф, а зборная Беларусі не здолела прайсці кваліфікацыю на Алімпіяду. Але галоўны вынік — любоў заўзятараў да хакею. У Мінску заўсёды збіраецца поўная арэна. Трэба шукаць трэнера і выводзіць каманду ў плэй-оф”, — прапанаваў Мядзведзеў.
Фота — gagarincup.info