Прысуд Андрэю Дзмітрыеву пакінулі без зменаў — апеляцыя адхіленая

Андрэй Дзмітрыеў / Еўрарадыё
Андрэй Дзмітрыеў / Еўрарадыё

Стала вядома, чым скончыўся разгляд апеляцыі на прысуд палітыку і палітвязню Андрэю Дзмітрыеву. У траўні суд асудзіў яго на паўтара года калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту. А ў канцы мінулага тыдня суддзя Мінскага гарадскога суда Анжэла Касцюкевіч пастанавіла пакінуць гэты прысуд без зменаў, піша рэсурс "Люстэрка". У найбліжэйшы час Дзмітрыева павінны перавесці ў калонію.

Паводле слоў блізкіх, у СІЗА Андрэй чытае Біблію на беларускай мове, а таксама "вучыцца маляваць, пісаць левай рукой, чытае адну кнігу ў тыдзень" і праходзіць каля 8000 крокаў у дзень.

Нагадаем, Дзмітрыева затрымалі сёлета ў студзені. Акрамя абвінавачанняў ва "ўдзеле ў мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак", Следчы камітэт папракнуў палітыка, што ён "599 разоў перасякаў дзяржмяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года". Акрамя таго, у СК палічылі, што кантакты Дзмітрыева з прадстаўнікамі палітычных колаў Еўропы і ЗША нібыта могуць сведчыць аб "каардынацыі яго дзейнасці з-за мяжы".

У пачатку траўня ў Андрэя Дзмітрыева памерла маці, яна цяжка перажывала зняволенне сына. Аднак на пахаванне яго не адпусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі