Рада бяспекі ААН разгледзіць рэзалюцыю па збітым малазійскім “Боінгу”
Праект дакумента, прапанаваны Аўстраліяй, быў распаўсюджаны сярод дыпламатаў Рады ў суботу.
Пра гэта Цензор.НЕТ паведамляе са спасылкай на “Інтэрфакс-Украіна”. Магчыма, што рэзалюцыю разгледзяць ужо ў панядзелак, 21 ліпеня.
У праекце дакумента, у прыватнасці, адзначаецца, што “лайнер быў збіты”, і выказваецца заклік, каб “усе спрычыненыя да гэтага інцыдэнту былі прыцягнутыя да адказнасці”.
“Усе краіны рэгіёну і палітычныя сілы павінны супрацоўнічаць у міжнародным расследаванні інцыдэнту, у тым ліку і ў справе забеспячэння неадкладнага доступу на месца здарэння”, — гаворыцца ў праекце дакумента.
17 ліпеня ў Данецкай вобласці быў збіты пасажырскі самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines “Боінг-777”. Паводле звестак авіякампаніі, на борце знаходзілася 298 чалавек, усе яны загінулі. Па стане на раніцу 20 ліпеня знойдзена 196 цел ахвяраў. Пошукі ўскладняюцца прысутнасцю на месцы здарэння ўзброеных баевікоў.