Раманчук: у Адміністрацыі прэзідэнта мне прапанавалі чатыры стратныя калгасы
Эканаміст Яраслаў Раманчук 5 сакавіка ў эфіры Еўрарадыё распавёў, як у Адміністрацыі прэзідэнта яму прапанавалі працу ў чатырох стратных калгасах Мінскай вобласці. Падчас нядаўняй "Вялікай размовы" у Аляксандра Лукашэнкі Раманчук крытыкаваў эканамічную мадэль, пабудаваную ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы ў адказ прапанаваў: "Проста трэба даць Яраславу стратны калгас, паслаць яго ў калгас, каб ён зазямліўся... Такіх тэарэтыкаў, як Яраслаў, якія кніжак начыталіся, трэба проста праз зямлю прапусціць".
Здавалася, што гэта жарт. Аднак у панядзелак Яраслава Раманчука запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Гаворка ішла пра агучаную ім скандальную справу зносу ў Мінску будынкаў прыватнай кампаніі. Між іншым эканамісту паказалі спіс з чатырох калгасаў.
"Гэта быў такі жарт, які насамрэч апынуўся не жартам, — гаворыць Раманчук. — Калі падымаліся да кабінету Наталлі Іванаўны [Качанавай, кіраўніцы АП. — Еўрарадыё], я паглядзеў нейкую таблічку, там былі 4 назвы стратных калгасаў, якія адміністрацыя прэзідэнта збіралася прапанаваць мне ў якасці рэалізацыі прапановы прэзідэнта... Потым Наталля Іванаўна гэта агучыла. Я сказаў: слухайце, лепш я запрашу ў Беларусь 10 вядучых эканамістаў свету, каб яны падзяліліся сваімі ідэямі...".
Такім чынам Яраслаў Раманчук на прапанову не пагадзіўся, толькі пасмяяўся, што ў Адміністрацыі прэзідэнта словы Лукашэнкі ўспрынялі ўсур'ёз.
Раманчук: "Ну, патроліў чалавек. Што вы кінуліся выконваць?! Я ўпэўнены, што Лукашэнка ніколі сур'ёзна не думаў накраваць мяне ў калгас. Гэта быў тролінг. А яны не зразумелі ці пачуццё гумару страцілі".