Ранішнія чэргі ў паліклініках — Мінздароўя расказала, адкуль яны ўзяліся

Тэсты на каранавірус / pixabay
Тэсты на каранавірус / pixabay

Ранішнія чэргі ў паліклінікі, якія ўразілі многіх беларусаў, у Мінздароўя звязваюць з пачаткам працоўнага тыдня.

"Цяпер чэргаў у паліклініках няма. Чэргі былі з самай раніцы ў пачатку адкрыцця паліклінікі, і яны былі ў большай ступені звязаныя з жаданнем прайсці лабараторнае тэставанне. Мы просім планаваць свой паход у паліклініку так, каб не прыходзіць к адкрыццю. Умовы надвор'я такія, што цяпер не найлепшы час, каб чакаць ва ўмовах вуліцы", — сказала намесніца міністра Алена Краткова на прэс-брыфінгу.

Утренние очереди в поликлиниках — Минздрав рассказал, откуда они взялись
Як гэта было раніцай / onliner

А можа, проста не стае лекараў?

Ранішнія чэргі ў паліклінікі ў Мінздароўя не звязваюць з нястачай лекараў. І кажуць, што ў кожнай установе аховы здароўя адсочваецца ўзровень захваральнасці медперсаналу. Ёсць планы, якія павінны дапамагчы не дапусціць нястачы кадраў.

Напрыклад, да працы прыцягваюць студэнтаў і інтэрнаў, а ўсіх лекараў вяртаюць з курсаў падвышэння кваліфікацыі на працоўныя месцы. Вузкіх спецыялістаў таксама — іх могуць задзейнічаць і для хатніх абыходаў.

Цяпер студэнты на канікулах, валанцёраць 700 чалавек. Калі вакацыі скончацца, прыцягнуць больш. Яны будуць працаваць у амбулаторных службах, у кол-цэнтрах, выконваць тэхнічныя заданні, дапамагаць медыцынскім работнікам у амбулаторна-паліклінічнай службе.

Лекары таксама хварэюць на каранавірус, але прышчапляюцца больш актыўна, так што хваробу пераносяць лёгка. У Мінздароўя кажуць, што гэта дазваляе ўжо праз пяць дзён вярнуцца на працу.

"Сярод медработнікаў склаўся адзін з самых высокіх узроўняў вакцынацыі. Гэта адбіваецца і на ходзе захворвання. Пры тым што праз колькасць кантактаў узровень рызыкі захварэць, нягледзячы на сродкі аховы, больш высокі".
 

Калі лепш не ісці ў паліклініку. А калі — ісці

Мінздароўя просіць тых, хто лёгка пераносіць каранавірус, не прыходзіць у паліклініку, толькі каб здаць тэст.

"Гэта тая сітуацыя, калі вынік лабараторнага тэста не адбіваецца на лячэнні. Калі хвароба праходзіць у лёгкай форме, мы просім заставацца дома, асабліва калі не патрабуецца лісток непрацаздольнасці, і выконваць рэжым як пры звычайнай рэспіраторнай інфекцыі. Гэта значыць, багатае пітво, пры падвышэнні тэмпературы вышэй за 38 градусаў — выкарыстанне парацэтамолу. А таксама рознае сімптаматычнае лячэнне, як пры рэспіраторнай інфекцыі", — кажуць у Мінздароўя.

Калі неабходна даведацца, ці заразіўся чалавек менавіта кавідам, спецыялісты раяць купіць у аптэцы тэст на антыген. Яны даволі адчувальныя, у тым ліку да омікрона.

"Больш увагі павінна быць да людзей старэйшага ўзросту, да тых, у каго ёсць фактары рызыкі і спадарожныя захворванні. Вось тут трэба быць напагатове. Калі доўга трымаецца тэмпература, калі з'явіліся сімптомы дыхавіцы, не трэба знаходзіцца дома. І персанал паліклінік, і людзі, якія жывуць разам з пажылымі людзьмі, і самі пажылыя людзі павінны ведаць, што не трэба зацягваць час звароту", — кажуць у Мінздароўя.

Каб знізіць імавернасць заражэння пры наведванні паліклінік, пэўныя віды планавай дапамогі могуць аказваць дома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі