Расія адклікала подпіс з-пад статута Міжнароднага крымінальнага суда
Расія адклікала свой подпіс з-пад Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Адпаведнае рашэнне падпісаў прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін.
У афіцыйным каментары МЗС Расіі заявіў, што суд у Гаазе не апраўдаў ускладзеных на яго спадзяванняў і не стаў незалежным і аўтарытэтным органам міжнароднага правасуддзя.
Расія падпісала Рымскі статут яшчэ ў 2000 годзе, але не ратыфікавала яго. Ратыфікацыя статута азначае, што злачынствы, учыненыя грамадзянамі дзяржаў-удзельніц гэтага статута або на іх тэрыторыі, будуць падсудныя Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе. Рымскі статут набыў моц у 2002 годзе, яго ратыфікавалі больш за сто дзяржаваў.
Адкліканне подпісу Расіі з-пад Рымскага статута адбылося пасля таго, як суд у Гаазе прызнаў, што акупацыя Крыма ў 2014 годзе была ўзброеным канфліктам паміж Расіяй і Украінай.