Расія не можа выдаць Керымава, а Беларусь можа асудзіць яго завочна

МУС Беларусі кажа, што Сулейман Керымаў знаходзіцца ў міжнародным вышуку і ёсць у базе Інтэрпола. Рашэнне было прынятае цэнтральным бюро арганізацыі менш чым за суткі.

"З улікам таго, што па гэтай справе, хутчэй за ўсё, працуе група следчых, то тэхнічна гэта зрабіць не складана. Але там ёсць свая працэдура. Цяпер, відаць, гэта хутчэй робіцца. Але ў мой час гэта праходзіла праз МУС, пракуратуру, Мінюст і магло заняць некалькі тыдняў, — кажа кіраўнік Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Але я сумняваюся, што рашэнне было прынятае ўчора. Хутчэй за ўсё, гэта была загатоўка".

Цяпер краіны, якія ўваходзяць у Інтэрпол, павінны затрымаць Керымава, калі ён з'явіцца на іх тэрыторыі. Расія ўваходзіць. І запыт ужо атрымала.

"Таму Расія павінна сама правесці неабходныя следчыя дзеянні ў каардынацыі з краінай, якая падала запыт у Інтэрпол", — кажа палітолаг Юрый Шаўцоў.

Але з выдачай будзе канкрэтная праблема, бо, паводле 61-га артыкула расійскай Канстытуцыі, сваіх не выдаюць. Затрымаць і судзіць, да таго ж сенатара, Керымава проста так не атрымаецца. Пакуль яго не пазбавяць імунітэта.

"Усе сенатары і дэпутаты Дзярждумы маюць такі статус. Расійская пракуратура звяртаецца ў Савет Федэрацыі, і тут разглядаецца пытанне аб пазбаўленні імунітэту. І гэта вельмі складаны механізм", — тлумачаць Еўрарадыё ў Савеце Федэрацыі Расіі.

Таму пакуль у Расіі ён недатыкальны. Яго мандат скончыцца ў сакавіку 2016 года. А вось пра паездкі за мяжу трэба забыць.

Юрый Шаўцоў: "Там ён можа быць затрыманы. Ён мае імунітэт адносна расійскай сістэмы правасуддзя. Але калі пакіне тэрыторыю, могуць затрымаць".

Калі Керымава затрымаюць у іншай краіне, то з выдачай Беларусі могуць узнікнуць праблемы. Кажа Андрэй Паротнікаў:

"Напрыклад, ёсць шэраг краін, якія проста не выдаюць нават яўных злачынцаў. На той падставе, што ў краіне, якая іх шукае, яны могуць зазнаць катаванні і можа быць ужытая смяротная кара".

Ёсць пытанне і з абвінавачаннем. Калі Керымаў будзе затрыманы на тэрыторыі іншай краіны, то змяніць абвінавачванне ўжо будзе цяжка.

Андрэй Паротнікаў: "Калі ў дзеяннях Керымава знойдуць больш цяжкі склад злачынства, то выставіць яму абвінавачанне будзе практычна немагчыма".

Але Юрыст Павел Сапелка кажа, што асудзіць Керымава па беларускіх законах могуць і завочна.

"Калі абвінавачваны знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі у судовае паседжанне".

Што ж будзе, калі Керымава асудзяць? Беларусі, відаць, не даводзіцца спадзявацца атрымаць маёмасць мільярдэра, якое Forbes ацэньвае ў 7,1 мільярда долараў. Нягледзячы на магчымасць канфіскацыі. А шкада, можна было б вярнуць больш за палову знешняй дзяржпазыкі. А яшчэ футбольны клуб і акцыі розных прадпрыемстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі