Расіяне ўдарылі бомбамі па Запарожжы і "шахедамі" — па Мікалаеве
Наступствы бамбавання Запарожжа
У ноч на 11 лістапада расіяне абстралялі Запарожжа кіраванымі авіябомбамі.
Як паведамляе hromadske.ua са спасылкай на кіраўніка Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Івана Фёдарава, абстрэл адбыўся пасля паўночы. Па горадзе былі нанесеныя прынамсі тры ўдары. Былі разбураныя жылы дом, інтэрнат і аўтасалон.
Адзін чалавек загінуў. З раненнямі да медыкаў звярнуўся 21 чалавек, у тым ліку хлопчыкі ва ўзросце 4, 16 і 17 гадоў і дзяўчынкі ва ўзросце 15 і 17 гадоў.
Таксама ў ноч на панядзелак расіяне атакавалі ўдарнымі дронамі Мікалаеў. У выніку атакі загінулі 5 чалавек. Адну жанчыну шпіталізавалі з гіпертанічным крызам — гэта была вострая рэакцыя на стрэс.
Кіраўнік горада Аляксандр Сянкевіч кажа, што "шахеды" пацэлілі ў раёны жылой забудовы ў розных раёнах горада, а таксама ў нежылыя памяшканні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.