Расійская ракета трапіла ў тэрміналы са збожжам у Адэскай вобласці
![Наступствы траплення расійскай ракеты ў тэрмінал са збожжам / Аператыўнае камандаванне "Поўдзень"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/ukr_21_07_gl.jpg.webp?itok=o42iV8Jx)
Наступствы траплення расійскай ракеты ў тэрмінал са збожжам / Аператыўнае камандаванне "Поўдзень"
Мінулай ноччу расійская ракета трапіла ў тэрміналы аднаго з аграпрадпрыемстваў Адэскай вобласці. Знішчаныя 100 тон гароху і 20 тон ячменю, піша УНІАН са спасылкай на кіраўніка Адэскай вайсковай адміністрацыі Алега Кіпера. "У выніку выбуху пацярпелі два чалавекі. Яны атрымалі рэзаныя раны шклом", — дадаў Кіпер.
Расіяне атакуюць поўдзень Украіны ўжо чацвёртую ноч запар. Гэтыя атакі пачаліся пасля завяршэння збожжавай здзелкі, Масква адмовілася яе падаўжаць. "Гэты тэрор, несумненна, звязаны з збожжавай здзелкай, гэта даволі прадказальна. Але ўсё ж непрыемна, што гэтай ноччу вораг трапіў у аграпрадпрыемства Адэскай вобласці, дзе спрабаваў знішчыць запасы збожжа. Непасрэдна ў ангары з яго захаваннем", — заявіла прэс-афіцэр Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, гэтай ноччу Расія атакавала Адэскую вобласць ракетамі тыпу "Калібр". Ракеты ляцелі на вельмі нізкай вышыні, таму трапленне адбылося фактычна з сігналам паветранай трывогі. Пашкоджана шмат сельскагаспадарчай і выратавальнай тэхнікі.
![Российская ракета попала в терминалы с зерном в Одесской области](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/ukr_21_07.jpg.webp?itok=jLz4pIsc)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.