Расійская ўдзельніца “Еўрабачання” скрала песню ў беларускай? (параўнанне)
Дзіну Гарыпаву абвінавачваюць у плагіяце. Яе песня “What If” вельмі падобная да твораў Hear’say і Госі Анджыевіч, якая спрабавала трапіць на конкурс ад Беларусі
Скандал з расійскай удзельніцай “Еўрабачання”. Дзіну Гарыпаву падазраюць у плагіяце! 24 лютага спявачка з Татарстана прэзентавала песню “What If”, з якой збіраецца выступіць у Швецыі.
Кампазіцыя напісаная шведскімі прадзюсарамі Габрыэлем Аларасам і Яакімам Б’ёрнбергам у сааўтарстве з экс-басістам гурта “Автограф” Леанідам Гуткіным. Да прэм’еры на Першым канале яна не гучала ў эфірах тэле- і радыёстанцый.
Адразу пасля публікацыі “What If” карыстальнікі інтэрнэта заўважылі падабенства куплета песні з хітом польскай спявачкі Малгажаты Анджыевіч (Gosia Andrzejewicz) “Pozwól Życ”, а прыпева — з песняй “Carried Away” брытанскага гурта Hear’say.
Мікс, зроблены Еўрарадыё. Спачатку куплеты: Гарыпава і Анджыевіч; пасля — прыпевы: Гарыпава і Hear’say.
Цалкам магчыма, што крыніцай натхнення і для Дзіны Гарыпавай, і для Госі Анджыевіч стала вядомая песня Dido “Thank you”.
Цікава, што ў 2006 годзе Gosia сама спрабавала трапіць на “Еўрабачанне”. Яе песня "Dangerous Game" нават трапіла ў лік 15 фіналістаў… Беларускага адбору! Для гэтага польскай спявачцы давялося абвясціць пра беларускае паходжанне. Але паехала на “Еўрабачанне” усё роўна Паліна Смолава.