Расію падазраюць у падаграванні крызісу ў Каталоніі
Іспанскія ўлады падазраюць Расію ў падаграванні палітычнага крызісу ў Каталоніі. Міністр абароны Іспаніі Марыя Далорэс дэ Каспедаль заявіла, што падчас рэферэндуму аб незалежнасці рэгіёну “мноства паведамленняў і аперацыяў” у сацыяльных сетках ішлі з тэрыторыі Расіі.
Такое меркаванне выказала міністр, адказваючы на пытанне журналістаў пра магчымы расійскі ўплыў на падзеі ў Іспаніі. Як перадае AFP, чыноўніца не стала сцвярджаць, быццам за гэтымі дзеяннямі стаяў расійскі ўрад. Аднак раней міністр замежных справаў Іспаніі Альфонса Дастыс таксама згадаў пра існаванне “расійскіх сетак і хакераў” падчас крызісу ў Каталоніі.
Цягам апошніх месяцаў іспанскія СМІ неаднаразова абвінавачвалі Расію ў падаграванні палітычнага крызісу ў Каталоніі, у тым ліку пры дапамозе публікацыі фэйкавых навінаў. Амбасада Расіі ў Іспаніі называла гэтыя абвінавачанні “фантазіямі”, піша meduza.io