Расія адказала на выпад супраць Бабіча: забараніла турэцкія яблыкі з Беларусі
Рассельгаснагляд з 22 сакавіка забараніў пастаўкі турэцкіх яблыкаў, увезеных транзітам праз Беларусь. На сайце ведамства гэта тлумачыцца высокай рызыкай увозу "санкцыйнай" прадукцыі пад выглядам турэцкай.
У паведамленні Рассельгаснагляду гаворыцца, што расійскі бок неаднаразова звяртаў увагу беларускіх калег на неабходнасць пацвярджаць краіну паходжання прадукцыі, якая праз Беларусь ідзе ў Расію. Але выпадкі, калі з Беларусі ідуць пастаўкі з рээкспартнымі фітасанітарнымі сертыфікатамі з несапраўднымі звесткамі аб краіне паходжання, працягваюцца.
Напрыклад, у сакавіку Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі ў Расію свежых яблыкаў. Паводле дакументаў, яны паходзілі з Турцыі, гэта было адзначана і ў беларускіх фітасанітарных сертыфікатах. "Пры гэтым адзначалася нелагічнае лагістычнае перамяшчэнне прадукцыі, якая замест таго, каб наўпрост з Турцыі паступіць у порт Наварасійска, зрабіла наступны маршрут: Турцыя — Латвія — Беларусь — Расія".
Расійскі бок сумняецца ў легальнасці такіх паставак і выказвае недавер да звестак у беларускіх рээкспартных сертыфікатах.
Рассельгаснагляд даволі часта выкарыстоўваецца як зброя ў палітычных спрэчках. Ягоныя забароны дзіўным чынам супадаюць з напружаннем у палітычных адносінах паміж Расіяй і яе суседзямі. Так было з забаронай на пастаўкі грузінскага віна і мінеральнай вады ў 2006 годзе альбо з пастаўкай украінскіх прадуктаў у 2012-м. Беларуска-расійскія адносіны таксама налічваюць некалькі "малочных войнаў".
Можна меркаваць, што цяперашні крок — гэта адказ на пікіроўку паміж расійскім амбасадарам у Беларусі Міхаілам Бабічам і прэс-сакратаром МЗС нашай краіны Анатолем Глазам.