“Рассельгаснагляд” не пусціў у Калінінград 40 тон гародніны з Беларусі
Расія западозрыла беларусаў у рээкспарце.
Як паведамляе прэс-служба тэрытарыяльнага кіравання “Рассельгаснагляду”, падчас правядзення фітасанітарнага кантролю на пасту "Чарнышэўскага" спецыялісты выявілі парушэнне патрабаванняў пры ўвозе 20 тон цыбулі з Беларусі. Устаноўлена, што на частцы ўпаковак груза адсутнічала маркіроўка з інфармацыяй аб назве прадукцыі, краіне яе паходжання і экспарцёры.
Таксама выяўленыя парушэнні ў афармленні фітасанітарнага сертыфіката пры ўвозе партыі бульбы з Беларусі вагой 20 тон, паведамляе БелаПАН.
Расія з 7 жніўня на год абмежавала імпарт шэрагу тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі, - ЗША, дзяржаў ЕС, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. У санкцыйны спіс трапілі ялавічына, свініна, рыба, садавіна, гародніна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.
“Рассельгаснагляд” раней заяўляў, што садавінагародніная прадукцыя з краін ЕС, у дачыненні да якіх Расія ўвяла эмбарга, прасочваецца на расійскі рынак праз Беларусь.