Рассельгаснагляд не пусціў у Расію 19 тон "беларуска-нарвежскай" рыбы
Больш за 19 тон кансерваў з нарвежскай рыбы, якія везлі з Беларусі, спыніла ўпраўленне Рассельгаснагляду па Смаленскай і Бранскай абласцях.
Дзве партыі рыбных кансерваў былі выяўленыя пунктах пропуску "Красная Горка" і "Красны Камень", паведамляе прэс-служба расійскага ведамства. Кансервы былі вырабленыя беларускімі кампаніямі — ТАА "Белфуд Прадакшн" і СП ТАА "Санта Брэмар".
9,5 тоны рыбных кансерваў для дзіцячага харчавання следавалі на адрас расійскага атрымальніка з Ліпецкай вобласці, а 9,8 тоны прэсерваў і рыбных вырабаў — у Маскоўскую вобласць. Пастаўкі суправаджаліся ветэрынарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі беларускай дзяржаўнай ветслужбай.
Расійскія спецыялісты выявілі, што для вырабу кансерваў выкарыстоўвалася сыравіна нарвежскага паходжання. Адпаведна, увесь груз быў забаронены для ўвозу на тэрыторыю Расіі.
Раней Расія прасіла беларускі бок не пастаўляць вырабы з нарвежскай рыбы. Гэта тлумачылася тым, што ў прадукцыі былі выяўленыя забароненыя і шкодныя рэчывы, а Нарвегія адмовілася пусціць на свае прадпрыемствы расійскіх інспектараў.
Рассельгаснагляд падкрэслівае, што пры пастаўках з Беларусі прадукцыі з рыбнай сыравіны нават у зборных партыях — вяртаць будуць увесь груз.
Дарэчы, у Мінску вырабы з нарвежскага ласося і нарвежскай фарэлі цяпер прадаюцца са зніжкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.