Рассельгаснагляд забараніў Беларусі рээкспарт з Джыбуці
Рассельгаснагляд забараніў Беларусі пастаўляць у Расію раслінную прадукцыю з Рэспублікі Джыбуці.
Як адзначаецца на сайце расійскага ведамства, Беларусь са жніўня 2017 года пачала пастаўляць ў Расію прадукцыю з Джыбуці (дзяржава ва Усходняй Афрыцы). Пры гэтым прадукцыя суправаджалася рээкспартнымі фітасанітарнымі сертыфікатамі Беларусі.
Рассельгаснагляд запытаўся ў Джыбуці пра асартымент і аб'ёмы экспарту расліннай прадукцыі ў Расію і Беларусь. Прадстаўнікі гэтай афрыканскай дзяржавы пацвердзілі пастаўкі і паведамілі аб'ёмы прадукцыі, запланаваныя на экспарт.
Але Беларусь, па расійскіх звестках, у снежні 2017-га перавысіла аб'ём паставак з Джыбуці ў параўнанні з тым, што заяўляў джыбуційскі бок. Каб пад выглядам джыбуційскай прадукцыі не ішлі тавары з краінаў, якія трапілі пад расійскае "харчовае эмбарга", Рассельгаснагляд з 15 снежня забараняе рээкспарт джыбуційскай прадукцыі з Беларусі.