Рассельгаснагляд зноў мае прэтэнзіі да беларускай прадукцыі

Рассельгаснагляд зноў мае прэтэнзіі да беларускай прадукцыі


15 траўня ў Маскве мусяць адбыцца перамовы па выніках інспекцыі Рассельгаснагляду на беларускія харчовыя прадпрыемствы. Беларускі бок выказваў надзею, што пасля іх Расія здыме санкцыі на пастаўкі беларускага харчавання. 

Аднак напярэдадні перамоваў упраўленне Рассельгаснагляду па Смаленскай і Бранскай абласцях распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім зноў выстаўляе прэтэнзіі да беларускай малочнай прадукцыі.  

Расійскія эксперты з 25 красавіка па 12 траўня даследавалі 83 пробы сухога малака з Беларусі. У 29 узорах яны выявілі "рэшткавае ўтрыманне ветэрынарных прэпаратаў груп хіналонаў, макралідаў і лінказамідаў". Прычым у большасці пробаў адначасова былі выяўленыя дзве і больш груп прэпаратаў. Расіяне называюць прадукцыю такіх прадпрыемстваў, як "Малочная кампанія "Навагрудскія дары", "Слуцкі сыраробны камбінат", "Кобрынскі масласырзавод", "Пружанскі малочны камбінат", "Малочны полюс", "Бабушкина крынка", "Мазырскія малочныя прадукты", "Баранавіцкі малочны камбінат", "Лепельскі малочнакансервавы камбінат".

На думку інспектараў Рассельгаснагляду, сітуацыя патрабуе аператыўных мер. Беларускі бок, нібыта, недастаткова кантралюе сыравіну, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

Таксама расійскія эксперты выявілі перавышэнне дапушчальнага ўзроўню супрацьгрыбковага прэпарата натаміцына ў сырах Маладзечанскага і Пружанскага малочных камбінатаў.

Рассельгаснагляд заяўляе і пра новыя схемы махлярства пры ўвозе забароненай прадукцыі. У прыватнасці, у Расію спрабавалі ўвезці 20 тон сухога малака ў крафт-мяхах кампаніі "Бабушкина крынка". На гэтых мяхах старыя этыкеткі былі сарваныя, а на іх месца наклееныя этыкеткі кампаніі "Малочны полюс". Тым часам у Расіі ўведзеная часовая забарона на ўвоз прадукцыі з "Бабушкиной крынки".

Пры аналагічных акалічнасцях на мяжы з Беларуссю затрымалі яшчэ 60 тон сухога малака. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі