Рассельгаснагляд зняў санкцыі з птушкафабрыкі "Дружба"
Рассельгаснагляд з 12 снежня адмяняе санкцыі на пастаўкі прадукцыі з беларускага ААТ "Птушкафабрыка "Дружба", паведамляе прэс-служба расійскага ведамства.
Рашэнне было прынятае пасля таго, як беларускі бок падаў матэрыялы аб праведзеным расследаванні і прынятых мерах. Акрамя таго, Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду даў гарантыі, што прадукцыя гэтай птушкафабрыкі адпавядае патрабаванням ветэрынарнага заканадаўства Расіі.
Аднак расійскія спецыялісты пакідаюць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю для гэтага прадпрыемства. Ад 10 партый прадукцыі будуць брацца пробы для даследаванняў па раней выяўленых паказчыках — у прыватнасці, на лекавыя прэпараты — какцыдыястатыкі: декаквінат, дынітракарбанілід, толтразурыл сульфон і на тэтрацыклін.