Ратавальнікі даведаліся пра здарэнне ў парку Чалюскінцаў з сацыяльных сетак
Незвычайнае здарэнне адбылося ў мінскім парку Чалюскінцаў вечарам панядзелка 16 траўня. Каля 18.10 некалькі чалавек, якія каталіся на "амерыканскіх горках", застралі на 10-метровай вышыні. Па словах відавочцаў, зняць адтуль іх змаглі толькі праз дзве гадзіны, прычым супрацоўнікі атракцыёна рабілі гэта ўласнымі сіламі, не выклікаючы ратавальнікаў.
Говорят, в парке Челюскинцев застряли люди на аттракционе.В МЧС никто не звонил.Отправили оперативную группу,выехал на место сам.Разберемся!
— МЧС Минск (@112MINSK) 16 мая 2016 г.
Прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі расказаў Еўрарадыё, што пра здарэнне ратавальнікі даведаліся з сацыяльных сетак, паведамленняў на нумар 101 не паступала. Аднак насамрэч сітуацыя была куды больш бяспечнай, чым пра гэтаым пісалі ў інтэрнэце:
"Насамрэч я не бачу прычыны, каб да нас звярталіся. Атракцыён інэрцыйны. І калі кабінка не даехала да вышыні аднаго з пад'ёмаў, там спрацавалі ўлавіцелі. Кабінка была зафіксаваная, спрацавала сістэма бяспекі. Супрацоўнікі атракцыёна ведалі, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Пагрозы жыццю людзей не было. Яны падагналі вышку, агледзелі кабінку на прадмет пашкоджанняў, потым знялі з улавіцеляў, падштурхнулі — і яна сама скацілася. Мы выехалі на месца, таму што была інфармацыя ў інтэрнэце, яе распаўсюджвалі людзі, якія бачылі ўсё гэта збоку, нагняталі атмасферу", — расказвае Віталь Дэмбоўскі.
Ён таксама дадае, што ратавальнікі на месцы даведаліся пра ўсе падрабязнасці, іх дапамога не спатрэбілася.
"Тыя, хто назіраў за ўсім збоку, спалохаўся больш, чым людзі ў кабінцы", — дадае супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
По Челюскинцев: все хорошо, работники аттракциона поставили вышку и благополучно спустили тележку с 4 чел. на землю. pic.twitter.com/3S0gX8Kpjm
— МЧС Минск (@112MINSK) 16 мая 2016 г.