Раварыстаў на польска-беларускай мяжы адпраўляюць на дагляд
На памежным пераходзе ў Кузніцы падчас дагляду ровара памежнікі знайшлі 52 пачкі цыгарэт / pogranec.by
Раварыстаў на польска-беларускай мяжы адпраўляюць на дагляд, паведамляе рэсурс pogranec.by. Ровары заганяюць у боксы, дзе з іх здымаюць сядзенні і колы — шукаюць кантрабанду.
Паводле звестак рэсурсу, прэцэдэнты ўжо былі, "і хоць у ровар шмат не схаваеш, але некаторыя спрабуюць". Так, на памежным пераходзе ў Кузніцы падчас дагляду ровара памежнікі знайшлі 52 пачкі цыгарэт. За рулём транспартнага сродку быў грамадзянін Беларусі.
Апошнім часам колькасць раварыстаў на мяжы прыкметна ўзрасла — людзі перасаджваюцца на ровары з прычыны вялікіх аўтамабільных чэргаў. Днямі ў сеціве з'явілася відэа, знятае на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску "Беняконі" — "Шальчынінкай". Там з раварыстаў утварылася вялікая чарга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.