Рэдактар "СБ" папрасіў прабачэння ў апазіцыйнага актывіста

Рэдактар "СБ" папрасіў прабачэння ў апазіцыйнага актывіста

Галоўны рэдактар газеты Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" Павел Якубовіч запрасіў на сустрэчу таксіста, актывіста нацыянальнага руху Леаніда Кулакова, піша nn.by.

Гісторыя Кулакова цягнецца з 11 верасня 2016 года — парламенцкіх выбараў у Беларусі. Ён быў адным з назіральнікаў кампаніі "Права выбару". Пасля закрыцця выбарчага ўчастку Кулакоў выйшаў і сеў на лаву пад’есці. Аднак неўзабаве яго затрымалі міліцыянты і абвінавацілі ў распіцці алкаголю. Хаця медагляд паказаў нулявое ўтрыманне, на сайце ГУУС Мінгарвыканкама з'явіўся матэрыял, быццам у крыві Кулакова было 1 праміле алкаголю.

На аснове міліцэйскага паведамлення пра алкаголь "СБ" напісала артыкул "Кепская гісторыя". Між тым асудзілі актывіста па абвінавачанні ў супраціве міліцыі. Ён адбыў трое сутак арышту. 

"Павел Якубовіч прызнаў, што публікацыя на сайце ГУУС была фальсіфікацыяй. Спачатку яны пісалі пра 1 праміле, потым паправілі на 0,5. Але ж я быў цалкам цвярозы! Згадзіўся, што браць інфармацыю без пераправеркі небяспечна. Была абвешчана вымова журналісту, што пісаў гэтую нататку", — распавёў Леанід Кулакоў.

Па яго словах, Якубовіч папрасіў прабачэння за гэтую публікацыю і паабяцаў змясціць пісьмовае абвяржэнне. Кулакоў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі папрасіў аформіць яму гадавую падпіску на незалежную газету "Народная воля". У адказ Якубовіч прарпанаваў напісаць ліст у рэдакцыю са сваім тлумачэннем сітуацыі, а ганарар патраціць па сваім жаданні. 

Сустрэча Кулакова і Якубовіча доўжылася каля трох гадзін. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі