REGNUM паведаміў пра затрыманне ў Беларусі свайго карэспандэнта Шыптэнкі
Расійскае інфармацыянае агенцтва REGNUM паведаміла, што ў Беларусі затрымалі яго карэспандэнта Сяргея Шыптэнку. Перад гэтым беларускія сілавікі затрымалі аўтараў гэтага агенцтва Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна.
Нагадаем, што Паўлаўца і Алімкіна за іх антыбеларускія артыкулы на сайце агенцтва вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варажнечы.
У заяве агенцтва з гэтай нагоды гаворыцца: "Рэдакцыя ІА REGNUM катэгарычна аспрэчвае выстаўленыя аўтарам агенцтва абвінавачванні, лічачы іх нядобрасумленнымі і надуманымі. Рэдакцыя ІА REGNUM пацвярджае сваё нязменнае асуджэнне праяваў шавінізму, неанацызму і русафобіі ў Беларусі".
Затрыманых аўтараў REGNUM лічыць палітычнымі вязнямі, якія зазналі рэпрэсіі за сваю прынцыповую пазіцыю "супраць фактычнага супрацоўніцтва ўладаў Беларусі з шавіністычнай, русафобскай і неанацысцкай часткай беларускай апазіцыі".
Пазней Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне Шыптэнкі і абвінавачанне, выстаўленае яму. У каментары агенцтву БЕЛТА прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч паведаміў, што Шыптэнка пісаў у інтэрнэце артыкулы пад псеўданімам Артур Грыгор'еў.