Рэнан Брэсан скасаваў кантракт з "Аланіяй" і ляціць у Бразілію
Беларускі бразілец спрабуе вырвацца з тых жахлівых умоваў, у якія патрапіў пасля сыходу з БАТЭ.
24-гадовы паўабаронца нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі Рэнан Брэсан патрапіў у расійскі клуб з Уладзікаўказа ў той сезон, калі "Аланія" развіталася з прэм'ер-лігай. Сёлета яна выступае ў першай лізе, а фінансавы стан клуба аказаўся катастрафічным — некалькі месяцаў футбалістам не плацяць заробкі.
У выніку, як паведамляе "Прессбол", Рэнан Брэсан у аднабаковым парадку скасаваў кантракт з "Аланіяй", "з-за грубага парушэння клубам фінансавых умоваў пагаднення". Футбаліст скарыстаўся пунктам у рэгламенце ФІФА, які дае права легіянеру спыніць дзеянне дамовы, калі запазычанасць па зарплаце складае больш за тры месяцы.
Брэсан паведаміў пра сваё рашэнне кіраўніцтва "Аланіі" і Расійскага футбольнага саюза, а таксама адаслаў дакументы ў ФІФА для атрымання статуса свабоднага агента. Аднак ужо цяпер ён мае права заключыць кантракт з любым клубам. Агент гульца Валерый Ісаеў шукае для Рэнана Брэсана новую каманду. Сам жа Брэсан паляцеў да сваіх бацькоў у Бразілію.
Фота — goals.by