135 паліцыянтаў параненыя ў Рыме
Такіх вулічных баёў сталіца Італіі не бачыла даўно.
Падчас жорсткіх вулічных сутыкненняў паміж маніфестантамі і паліцыяй у Рыме пацярпела каля дзьвюх соцень чалавек. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў мэрыі італьянскай сталіцы. Пратэсты ў Рыме былі прымеркаваныя да Сусветнага дня супраць беспрацоўя і фінансавай сістэмы. Мірныя дэманстрацыі трансфармаваліся ў беспарадкі з удзелам актывістаў анархісцкага руху “Чорны блок”. Гаворыць прэс-сакратарка мэрыі Алессандра Бінанцы.
Бінанцы: Натуральна, што да гэтых пратэстаў рыхтаваліся. Да пратэстоўнрікаў далучылася некалькі соцень сябраў “Чорнага блоку”. Яны растварыліся ў натоўпе і былі самымі актыўнымі: вырывалі з зямлі лаўкі, білі вітрыны крамаў, супермаркетаў. Таксама яны здолелі выбіць 20 кубічных метраў дарожнай пліткі і кідаліся ёй у ахоўнікаў правапарадку.
Цяпер рымскія ўлады падлічваюць шкоду ад акцыі пратэсту. Па словах мэра Рыма Джанні Алемано, яна складае каля мільёна еўра. Паводле італьянскай газеты “La Repubblica”, яшчэ больш - каля двух мільёнаў еўра. Аднак, як сцвярджае Алессандра Бінанцы, самае галоўнае – чалавечы фактар.
Бінанцы: Сярод паліцэйскіх пацярпелі 135 чалавек. У мэрыі была створаная спецыяльная “гарачая” лінія для пацярпелых. За суткі на яе звярнулася каля сарака грамадзянаў, ім будзе аказана дапамога.
На пытанне, ў чым заключаецца гэтая дапамога, працоўнікі “гарачай” лініі, на жаль, не адказалі.
Масавыя маніфестацыі, якія прайшлі ў Рыме, былі арганізаваныя па той самай схеме, што і акцыі “Займі Уолл-Стрыт” – кампаніі пратэстаў, якія пачаліся месяц таму ў Ню-Ёрку. Акрамя Рыму, у мінулую суботу акцыі пратэсту адбыліся ў 950 гарадах свету.
Па розных падліках у дэманстрацыі ў Рыме прыняло ўдзел каля 150 тысяч чалавек.