Адбор на Еўрабачанне: Вы прыехалі на праслухоўванне на метро? Да пабачэння!

121017_malina_eurofest.mp3

Адбор на конкурс Еўрабачанне зноў змяніў фармат. "Еўрафэста" не будзе, Аляксандр Ціхановіч, які шмат гадоў кіраваў гэтым працэсам, запрошаны ў ролі сябра журы. Але найбольш важная змена: цяпер Белтэлерадыёкампанія адказвае выключна за праслухоўванне выканаўцаў, тэлетрансляцыю. Песня, аранжыроўка, запіс, пастаноўка нумара, касцюмы — гэта ўсё сам выканаўца, ці яго прадзюсар.

"Мы кансультаваліся з аўтарам рускамоўнага сайта "Еўрабачанне Казахстан" і экспертам конкурсу Андрэем Міхеевым, — тлумачыць кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. — Ён прысутнічаў на адным з апошніх адбораў ва Ўкраіне, там кажуць: "Усе, хто прыехаў на кастынг на метро, можаце быць вольныя! Бо як вы плануеце аплачваць свой удзел?"".

Але, калі песня спадабаецца, Белтэлерадыёкампанія нават можа дапамагчы. Тым не менш, новыя правілы, відаць, напужалі выканаўцаў. Прыём заявак скончыцца праз некалькі дзён, а вялікай колькасці жадаючых няма.

"У нас ёсць заяўкі не толькі з Беларусі, — каментуе Святлана, але дакладнай лічбы не называе. — Ёсць заяўкі з Румыніі ды Францыі, шмат тэлефануюць з Масквы... Я думаю, традыцыйна, гэта наша беларуская натура такая — будуць адкладаць на апошні дзень. Таму 20—22 кастрычніка ў нас будзе вялікая колькасць наведвальнікаў, вялікая колькасць заявак, шмат артыстаў уласна іх прынясуць".

Як даведалася Еўрарадыё, ніводзін з фіналістаў мінулага "Еўрафэста" сёлета заяўкі не падаваў. Гюнэш вырашыла спыніць свае спробы патрапіць на Еўрабачанне, яна зоймецца падрыхтоўкай маладога пакалення. Вікторыя Алешка распавяла "Комсомольской правде", што не бачыць сэнсу, а Юзары проста не паспявае. Хіба толькі Алёна Ланская наважыцца.

"Я пакуль не ведаю, пакуль не планавала, бо шмат спраў, — прызнаецца спявачка і дадае, што, у прынцыпе, для Еўрабачання ўсё ёсць. — У мяне шмат песень, я цэлы альбом запісала ў Лондане. Таму, калі я прачнуся і раптам вырашу, што ў мяне добры настрой сёння, тады, магчыма, і падам заяўку".

Ну, а прадстаўнікі Беларусі на Еўрабачанні-2012, гурт Litesound, кажуць, што ім хопіць.

"Не хачу зноў кагосьці крыўдзіць. Мне падаецца, трэба даць дарогу камусьці іншаму, — тлумачыць лідар гурта Зміцер Каракін. — Ды і гэта было б проста няправільна ў дачыненні да калег, якіх мы любім".

Імёны паўфіналістаў будуць названыя да 31-га кастрычніка, паўфінал мусіць адбыцца 16 лістапада. Праўда, у палажэнні беларускага адбору на "Еўрабачанне" прапісана, што калі журы не знойдзе вартых выканаўцаў, магчыма, што будзе толькі фінал, які запланаваны на 7 снежня.

Нагадаем, мінулы адбор скончыўся скандалам, у выніку якога прадстаўляць краіну паехалі Litesound. На Еўрабачанні хлопцы не дайшлі да фіналу, заняўшы 16-е з 18-ці паўфінальных месцаў. Сёлета конкурс "Еўрабачанне" пройдзе 14 — 18 траўня ў Мальмэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі