Агенты ЦРУ і падрыў КДБ: у Віцебску разгараецца вострасюжэтны дэтэктыў
Чатыры чалавекі за кратамі, адзін пад падпіскай, яшчэ некалькі запалоханыя і маўчаць.
"Удалося выйсці на сваякоў дваіх чалавек, якія былі затрыманыя і адпушчаныя. Не ведаю, з якой прычыны, магчыма, з прычыны нейкага страху людзі катэгарычна адмаўляюцца расказваць пра сваё затрыманне, пра тое, што з імі адбывалася, і чаму яны былі адпушчаныя", — расказвае пра затрыманых па падазрэнні ў арганізацыі выбуху ля віцебскага КДБ мясцовы праваабаронца Павел Левінаў.
Па факце выбуху ўзбуджаная справа за хуліганства. Але спецслужбы катэгарычна адмаўляюцца раскрываць імёны хуліганаў. Чаму — загадка.
Праз два дні пасля выбуху з поўначы зноў прыйшлі навіны пра затрыманні. На гэты раз па падазрэннях у “здрадзе дзяржаве”. Па справе праходзяць слесар з Наваполацка Андрэй Гайдукоў і супрацоўнік ЖКГ Полацка Ілля Багданаў. Хлопцы звязаныя з БХД. Першы цяпер сядзіць у СІЗА КДБ, прычым, родныя расказваюць, што Гайдукова падазраюць ні многа ні мала, а ў сувязях з ЦРУ (гэта пры тым, што хлопец нават англійскай не ведае). А вось Багданава выпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. Расказвае, што 9 лістапада да яго прыйшлі з ператрусам, а потым забралі з сабой у халодную цемру.
“Ну яны мне кажуць — апранайцеся цяплей, там зімна будзе. Пытаюся, куды? Усё даведаецеся, кажуць, апранайцеся”.
Цёпла апранутага Багданава чэкісты спачатку павезлі ў Наваполацк, а затым, не здымаючы кайданкоў, у Мінск. Там дапыталі, узялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы і адпусцілі ў ноч. Дадому дабіраўся на папутных фурах.
Пытанне, ці звязаная справа аб “здрадзе дзяржаве” з выбухам ля КДБ, застаецца адкрытым. Насцярожвае супадзенне. 9 лістапада — затрыманні апазіцыянераў, 11 — выбух. Калі яшчэ ўлічыць, што 9-га беларускі КДБ згубіў свайго кіраўніка, то ўвогуле галава кругам. Але сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што сувязі тут няма.
“Сувязяў з выбухамі каля ўправы віцебскага КДБ у гэтых людзей няма і быць не можа”.
Рымашэўскі лічыць, што ўлады чарговы раз аказваюць ціск на апазіцыянераў і заклікае выпусціць Гайдукова на свабоду.
З тым, што гэта звычайны ціск, можна паспрачацца. Бо нават адзін з лідараў праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч не прыгадае, каб для гэтага выкарыстоўвалі артыкул аб “здрадзе дзяржаве”.
“Нейкія справы па шпіянажы былі. КДБ рапартаваў, што і колькі. А вось каб пра “здраду дзяржаве”, то не прыгадаю”.
Карацей, пытанняў больш, чым адказаў. Праліць святло на гэтую няпростую справу (нават дзве справы), могуць толькі чэкісты. А яны, акурат, пакуль маўчаць.
“Ну яны мне кажуць — апранайцеся цяплей, там зімна будзе. Пытаюся, куды? Усё даведаецеся, кажуць, апранайцеся”.