Алімпійскі камітэт Расіі лічыць Беларусь расійскай вобласцю? (фота)
Выданне Kyiv Post змагло высветліць, чаму на сайце Алімпіяды няправільна пазначана краіна нараджэння каля 30 спартоўцаў, якія выступаюць за Расію.
Усе яны нарадзіліся не ў Расіі, але ў анкетах на сайце Алімпійскіх гульняў сцвярджаецца адваротнае. Пры гэтым гарады Кіеў, Луцк, Гродна, "Армянская вобласць" і "Беларуская вобласць" пазначаны як часткі Расіі.
Цім Потэр, прадстаўнік сайта лонданскіх Гульняў, у інтэрв'ю Kyiv Post пераклаў віну за памылкі на нацыянальныя алімпійскія камітэты. Нібыта, гэта яны адказваюць за прадастаўленне біяграфічных дадзеных спартоўцаў.
Атрымліваецца, што такую інфармацыю аб спартоўцах падаў расійскі алімпійскі камітэт, і яе, не правяраючы, змясцілі на сайце Алімпіяды-2012.
Адзначым, што на сайце Алімпійскіх гульняў пазначана, што валейбаліст Аляксандр Буцько нарадзіўся ў "расійскім" горадзе Гродна, а валейбалістка Таццяна Кошалева ў... беларускай вобласці Расіі.