Алімпійскі чэмпіён: У мяне заробак 40 мільёнаў, а ў некага яго зусім няма

“Так проста пра заробкі даведацца нельга — гэта камерцыйная таямніца і па тэлефоне яна не абмяркоўваецца”, — гаворыць галоўная бухгалтарка хакейнага клуба “Нёман”.

Гэты клуб складана аднесці да эліты беларускага хакея, хоць ён і паказвае добрыя вынікі ў апошнія месяцы. Абураючыся высокімі заробкамі хакеістаў і футбалістаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік меў на ўвазе, хутчэй за ўсё, іншыя клубы — хакейнае і футбольнае “Дынама”, “Юнацтва”, БАТЭ.

130130_pilecki_sport.mp3

“Гэта за межамі здаровага сэнсу”, — называе Тозік сярэднемесячны заробак у 420 мільёнаў рублёў (амаль 50 тысяч долараў). Такія нібыта адзін з топ-клубаў плаціць сваім гульцам.

Вясной 2012 года “Прэсбол” рассакрэціў заробкі хакеістаў мінскага “Дынама” — у сярэднім, каля 23 тысяч долараў у месяц. Сайт goals.by называе заробкі лепшых гульцоў чэмпіянату Беларусі па футболе — каля 10 тысяч долараў у месяц.

Алімпійскі чэмпіён Лондана Сяргей Мартынаў гаворыць, што цяпер у месяц мае 40 мільёнаў рублёў (4.650 долараў). Яго менш паспяховыя калегі часта жывуць за кошт… армейскага заробку.

“У мяне 40 мільёнаў. А ў некага ўвогуле ніякая, нехта ў арміі атрымоўвае свой заробак згодна з пасадай і званнем. Існуе сетка, згодна з якой заробак залежыць ад спартовых дасягненняў”.

Як даведалася Еўрарадыё, малады футбаліст, які толькі-толькі трапіў у асноўны склад, можа зарабіць за месяц амаль столькі ж, колькі алімпійскі чэмпіён — 34 мільёны рублёў. Нават калі яго клуб будзе гуляць толькі ўнічыю.

А вось заробкі стралкоў раз на шэсць месяцаў пераглядаюцца згодна з медалямі. Няма дасягненняў — і грошай няма.

“Калі няма нейкіх супердасягненняў, то грошы невялікія, нават смешныя, прама кажучы. Калі нехта ў фінал не трапіў, то ўвогуле нічога, нуль”.

У дасягненні нулявога выніку беларускія хакеісты і футбалісты могуць паспаборнічаць шмат з кім. Але на іх заробкі гэта мала ўплывае. У адрозненні ад тых жа стралкоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі