Арлоў каштуе даражэй за ўсіх беларускіх класікаў

120712 Savi4 Knigi.mp3

“За паўдня ў “Акадэмкнізе” прадалі каля сотні асобнікаў. Гэта бліскучы вынік — кнігагандляры ў захапленні!” — кажа аўтар другой часткі кнігі “Краіна Беларусь” — “Вялікае Княства Літоўскае” Уладзімір Арлоў.

Гэта пры тым, што кошт “Вялікага Княства” кусаецца: 350 тысяч рублёў!

Нават самы дарагі варыянт Камасутры ў "Цэнтральнай кнігарні" каштуе на сто тысяч танней.

У “Акадэмкнізе” расказваюць, што попыт на кнігу быў — прынамсі да таго, як кніга з’явілася на паліцах кнігарні: “Попыт быў на кнігу. Кнігу куплялі ўчора многа. Трэба сказаць, што кніга і сапраўды добрай якасці — добрыя ілюстрацыі, вокладка, дарагая папера. Гэта і так дэмакратычны варыянт!” — заўважаюць ў краме.

Аўтар кнігі Уладзімір Арлоў расказвае Еўрарадыё, што цана адэкватная.

“Паверце мне, гэта вельмі танна для такіх кніг, у якіх па 400 старонак і дзве тысячы ілюстрацый.  Вельмі добрая якасць кнігі. Мы друкаваліся ў адной з лепшых друкарань Еўропы — у Славакіі. У Беларусі такіх няма. Купляйце зараз, бо потым будуць перапрадаваць, як было з “Краінай Беларуссю”, калі яе перапрадавалі па 50-100 долараў”, — рэкамендуе нам пісьменнік.

Аднак цана некаторых мінскіх  гандляроў  кнігамі  сапраўды бянтэжыць. Як заўважылі ў кнігарні “ЛогвінаЎ”, цана на кнігу Арлова ў дзясяткі разоў перавышае цэны на беларускіх класікаў.

Еўрарадыё: Ці будуць купляць кнігу Арлова за такія грошы?

Прадстаўнік кнігарні "ЛогвінаЎ”: "Па шчырасці, я з вамі згодная. Не ведаю, як будуць купляць — пакажа час. Час ад часу ў нас купляюць дарагія кнігі, на нейкі вялікі падарунак ці каб прэзентаваць краіну за мяжой.

У гэтай кнігарні заўважаюць, што цэны на класіку не вельмі высокія — да прыкладу, Караткевіч каштуе 20.000-30.000 рублёў.

У "Белкнізе", што на вуліцы Маркса, прыцэньваюся да кніжак беларускіх аўтараў. Кошты здзіўляюць: у прадуктовую краму даражэй схадзіць!

Напрыклад, зборнік твораў Шамякіна можна купіць амаль за 80.000 рублёў. Аўтары-сучаснікі каштуюць у межах названых лічбаў. Ёсць нават кнігі па 16-18 тысяч рублёў! Самая дарагая кніжка на паліцы ў адмысловай краме — буйнафарматная Біблія за тры мільёны.

Як заўважае аўтар кнігі Уладзімір Арлоў, аніякага таннага варыянту “для простых людзей" не будзе:

“У кнізе акцэнт зроблены на ілюстрацыі, таму ніякіх танных, чорна-белых варыянтаў. Я думаю, той, хто цікавіцца гісторыяй, набудзе гэтую кніжку”.

Гісторык з 11-гадовым стажам з Брэсту Аляксей з аўтарам пагаджаецца, з агаворкай: “Наўрад ці гэта было б такое імгненнае рашэнне. Але думаю, што большасць простых настаўнікаў гісторыі, нават вельмі зацікаўленых у сваім прадмеце, не купіла б гэту кніжку”.

Дарэчы, паводле слоў аўтара, першае выданне кнігі “Краіна Беларусь” абыйшлося ў 20-25 еўра, што на нашыя грошы гэта каля 250 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі