Астаповіч прапануе пазначыць пліткай контуры знішчаных мінскіх храмаў

Абмеркаванне адбудовы гістарычнага цэнтра Мінска праводзіцца ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска (Мельнікайтэ, 6). У фае трэцяга паверху выстаўленыя планшэты, а ў 407 кабінеце можна азнаёміцца з дакументацыяй.

"Кожны грамадзянін Беларусі можа азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі і падаць сваю пісьмовую прапанову ці заўвагу, кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Хачу зрабіць акцэнт, што заўвагі па прынцыпе “падабаецца/не падабаецца” нават не разглядаюцца паводле палажэння аб абмеркаванні. Любая прапанова павінна грунтавацца на нарматыўна-прававых і тэхнічных дакументах. Заўвагу можна ці то ўкінуць у скрыначку побач з планшэтамі, ці то даслаць на адрас выканкама: Мельнікайтэ, 6, індэкс 220004. Усе заўвагі будуць разглядацца камісіяй грамадскага абмеркавання”.

Антон Астаповіч

Астаповіч кажа, што дэтальны план ужо стварыў канфлікт з жыхарамі дамоў па Раманаўскай Слабадзе, якія ідуць пад знос як “дысануючая забудова”.

Антон Астаповіч: “Цікавая логіка! Тры жылыя дамы гэта “дысануючая забудова”. А “грамадска-гандлёвыя аб’екты і жыллё падвышанай камфортнасці”, якія там збудуюць, ужо не будуць “дысануючай забудовай”!?

Апроч гэтага, кажа Астаповіч, прапанаваны План утрымлівае шэраг спрэчных момантаў.

Антон Астаповіч: “Ён замацоўвае з’яўленне чужародных аб’ектаў у гістарычным цэнтры. На будучыню ён легітымізуе з’яўленне шэрагу новых аб’ектаў, якія парушаюць дзеючае заканадаўства! Гэта і багласаўскае Замчышча; і незразумелае засваенне дваровай тэрыторыі праспекта Пераможцаў, дзе збіраюцца аднаўляць кавалачак Новамясніцкай вуліцы… Гэты план прывядзе да страт усіх якасных характарыстык гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска”.

Яшчэ 100 гадоў таму Мінск быў такі.



Таварыства аховы помнікаў унесла на разгляд камісіі некалькі прапановаў. Галоўная правесці комплексную рэвізію ўсіх цяперашніх і планаваных работ на тэрыторыі гістарычнага цэнтра на прадмет адпаведнасці заканадаўству. Іншая цікавая прапанова Таварыства калі не аднавіць, то хаця б пазначыць на мясцовасці перыметры колішніх храмаў, знішчаных у розныя часы.

Прапанова аднаўлення дамініканскага касцёла на Кастрычніцкай плошчы

Падмуркі дамініканскага касцёла на раскопках у часе будовы Палаца Рэспублікі

Антон Астаповіч: “Гэта ў першую чаргу дамініканскі касцёл св. Тамаша Аквінскага. Яшчэ ў 2011 годзе мы распрацавалі праект, які быў станоўча разгледжаны гарвыканкамам. Касцёл знаходзіўся акурат за сённяшнім Палацам Рэспублікі, на рагу Энгельса і Інтэрнацыянальнай”.

Астаповіч кажа, што прыкладаў такога пазначэння падмуркаў  багата ў Еўропе. Ёсць і ў Беларусі. Гэта важна, каб людзі памяталі, што некалі тут быў храм, і выношвалі думкі аб ягоным аднаўленні.

Антон Астаповіч: “Больш за 15 гадоў так былі пазначаныя контуры Святадухаўскай царквы, якая была нарэшце адноўленая. Гэтак жа кветнікам пазначаны падмуркі першай мінскай царквы на замчышчы насупраць Траецкага прадмесця. У Оршы да “Дажынак” на плошчы выклалі пліткай контуры касцёла і нават унутраную планіроўку…”

Апроч дамініканскага касцёла, прапанавана гэтак жа пазначыць і іншыя храмы. Некаторыя проста на праезнай частцы!

 

Антон Астаповіч: “Так мы прапануем пазначыць падмуркі касцёла святога Яна роўна на праезнай частцы перад прыпынкам на Нямізе, унізе царквы. Пазначыць месца сінагогі, дзе цяпер бакавы з’езд з праспекта Пераможцаў на Нямігу да Петрапаўлаўскай царквы. Пазначыць Васкрасенскую царкву ў двары дамоў на вуліцы Вызвалення каля праваслаўнай Епархіі. Гэты зямельны пляцык цяпер належыць Епархіі думаю, для нашых праваслаўных святая справа аднавіць гэты храм! І яшчэ адзін храм, які мы прапануем пазначыць хоць бы пліткай на асфальце, драўляны касцёл святога Арханёла Міхаіла ў тупіку вуліцы Камсамольскай”.

Прапанова абазначэння контураў Васкрасенскай царквы непадалёк Епархіі

Прапанова пазначэння месца сінагогі

Прапанова пазначэння месца касцёла на Камсамольскай

Касцёл святога Яна на плане 1797 года

Васкрасенская царква на плане 1797 года

Антон Астаповіч заклікае ўсіх неабыякавых выказаць свае пісьмовыя заўвагі ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна і падтрымаць прапановы Таварыства аховы помнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі